Улады распачынаюць жорсткія рэпрэсіі супраць назіральнікаў за «выбарамі»
9- 30.06.2008, 14:39
Адразу па двум артыкулах адміністрацыйнага кодэксу 27 чэрвеня быў пакараны сябар Беларускага Хэльсінскага камітэта, адзін з удзеньнікаў маніторынгу за выбарамі ў “палату прадстаўнікоў” Эдуард Баланчук.
Учора Баланчук быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і КДБ каля офісу БХК, дзе мела адбыцца нарада па маніторынгу за “выбарамі”. На Эдуарда Баланчука былі складзены 2 пратаколы: непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў (арт 23.4 КаАП) і дробнае хуліганства (арт 17.1 КаАП), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Справа разглядалася у судзе Маскоўскага раёну Менска суддзём Харкевічам. Суд, прыняўшы да ўвагі паказаньні сьведкаў з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў і праігнараваўшы паказаньні сьведкаў з боку абвінавачваемага, пакараў Баланчука 10 суткамі арышту і грашовым штрафам у памеры 1 мільёна 50 тысяч рублёў.
Зразумела, што такім чынам, улады распачынаюць рэпрэсіі супраць беларускіх праваабаронцаў, якія адкрыта заявілі пра намер праводзіць маніторынг маючых адбыцца выбараў у межах дзеючага заканадаўства.
На жаль, апошнія гучныя заявы прадстаўнікоў улады і Цэнтрвыбаркаму пра дэмакратызацыю і празрастасьць выбарчага працэсу засталіся толькі голай дэкларацыяй. Першыя факты грубага ўціску на праваабаронцаў сведчаць аб тым, што рэжым не жадае мяняць сваю антыдэмакратычную афарбоўку.