За «непавагу да суду» аштрафавалі журналістку радыё «Свабода» і падсуднага Міхаіла Пашкевіча
- 30.06.2008, 17:51
Суддзя Кастрычніцкага суду Менска Рыта Шаграй аштрафавала на 8 базавых велічыняў прысутную ў судзе над актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міхаілам Пашкевічам журналістку радыё «Свабода» Любоў Лунёву.
Журналістку абвінавацілі ў непавазе да суду. Як паведаміў сайту www.ucpb.org лідэр АГП Анатоль Лябедзька, Любоў Лунёва шэптам адказала камусьці па тэлефоне, што яна знаходзіцца ў судзе.
Падсуднага Міхаіла Пашкевіча таксама аштрафавалі на 8 базавых велічыняў за «непавагу да суду», бо ў судзе ён заявіў: «Я на ідыёцкія пытанні не адказваю!…».
Нагадаем, актывіст АГП быў затрыманы 28 чэрвеня ў раёне чыгуначнага вакзалу Менска, калі накіроўваўся на сустрэчу з таварышам. Супрацоўнікі міліцыі традыцыйна абвінавацілі актывіста ў "нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы". Затрыманне адбылося адразу пасля таго, як палітрада АГП дэлегаваў М.Пашкевіча ў Цэнтральную выбарчую камісію ў якасці назіральніка ад партыі.
У красавіку Пашкевіч быў прысуджаны разам з іншымі ўдзельнікамі "Працэсу-14" да абмежавання волі (без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу) тэрмінам на два гады за ўдзел у акцыі салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якая адбылася 10 студзеня ў Менску. Калі суд прызнае Пашкевіча вінаватым па адміністрацыйнай справе, яму пагражае рэальнае пазбаўленне волі.