Кошты на некаторыя прадукты ўжо выраслі ўдвая
2- 5.06.2008, 8:56
На думку экспертаў, цэннікі будуць працягваць уздымацца, але пакуль не на ўсе тавары ў гастраномах Беларусі.
Напрыклад, нам не варта засцерагацца падаражэння цукру - яго запасы на складах у разы болей, чым вырабляецца за месяц. Бадай, не будуць расці кошты і на алкаголь - яго кошт жорстка кантралюецца дзяржавай.
Кішэняй давядзецца патрэсці дзеля мясных прадуктаў. Перадусім ялавічыны. Па словах вытворцаў, калі просьбу аграраў пра падвышэнне закупных коштаў падтрымаюць ва ўрадзе, кілаграм каўбасы можа падаражэць на 2 - 7%.
- Ва ўсім свеце кошты на харч вырастуць за год недзе адсоткаў на 50, так што Беларусь не застанецца ўбаку, - паведаміў "КП в Беларуси" эканаміст Леанід Заіка. - Напрыклад, за апошні год рыс падаражэў удвая. Далей будуць расці кошты на пшаніцу, хлебапрадукты, макароны, пасля - мяса, малако.
Эксперт упэўнены, што нашыя кошты будуць расці следам за расейскімі. Бо калі не ўздымаць цэннікі ў нас, то ўсю прадукцыю проста будуць вывозіць туды, дзе яе можна прадаць даражэй.