Вячаслаў Сіўчык прысуджаны да 10 сутак арышту за фотаконкурс
7- 5.06.2008, 9:10
Суддзя суду Менскага раёна Вячаслаў Тулейка 4 чэрвеня прысудзіў да 10-суткавага арышту старшыню секцыі "Мемарыял" Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслава Сіўчыка.
Палітыка абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КОАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання).
Сіўчык абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве - падвядзенні вынікаў фотаконкурсу беларускай службы "Радыё Свабода" ("Маё фота – мае Курапаты"), якое прайшло ва ўрочышчы 3 чэрвеня.
Супрацоўнікі Менскага РУУС затрымалі В.Сіўчыка ў Курапатах напярэдадні цырымоніі памінання ахвяраў сталінізму ў сувязі з 20-годдзем адкрыцця свету трагедыі ўрочышча. Невядомы ў цывільным, які прадставіўся намеснікам начальніка РУУС па прозвішчы Грыб, даў слова гонару афіцэра, што В.Сіўчык будзе дастаўлены назад ва ўрочышча. Аднак гэтага не адбылося. Ноч палітык правёў у ізалятары часовага ўтрымання Менскага РУУС.
На думку намесніка старшыні секцыі "Мемарыял" Уладзіміра Раманоўскага, арышт В.Сіўчыка сведчыць, што сістэма "аднаўляе тэхналогіі расправы з людзьмі 70-гадовай даўніны".
23 красавіка В.Сіўчыку судом Старадарожскага раёна Менскай вобласці было прызначана 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 КОАП. Асуджэнне В.Сіўчыка было звязана з падзеямі 19 красавіка, калі з ініцыятывы мемарыяльнай секцыі таварыства аховы помнікаў у вёсцы Дражна Старадарожскага раёна быў усталяваны і асвячоны шасціканцовы крыж святой Ефрасінні Полацкай у памяць 25 мірных жыхароў, забітых членамі 2-й Менскай партызанскай брыгады 15 красавіка 1943 года. Імёны загінулых пералічаны на мемарыяльнай таблічцы, прымацаванай да крыжа. У цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага знака бралі ўдзел і відавочцы трагедыі. Праз некалькі дзён рашэннем мясцовых уладаў памятны крыж быў дэмантаваны і перавезены на тэрыторыю царквы вёскі Залужжа, размешчанай у некалькіх кіламетрах ад Дражна.