Дарагая рэканструкцыя (Фота, відэа)
10- 9.06.2008, 12:17
Сёння зачынілася на рэканструкцыю станцыя метро "Кастрычніцкая". Між тым, як высвятляецца, за праезд у "кампенсоўным" аўтобусе ўсё ж такі давядзецца плаціць.
"На час рэканструкцыі перасаднага вузла будзе зарганізаваны кампенсоўны маршрут гарадскога аўтобуснага транспарту № 33 "Ст.м. "Інстытут культуры" - ст.м. "Пл. Перамогі" з прыпынкавымі пунктамі "Вул. Маскоўская", "Пл. Незалежнасці", "Вул. Камсамольская", "Ст. м. "Кастрычніцкая", "Ст. м. "Пл. Перамогі". Пры гэтым праезд для пасажыраў будзе бясплатным", - паспяшалася супакоіць жыхароў і госцяў сталіцы афіцыйнае агенцтва БелТА.
Між тым, як высветліў прэс-цэнтр Хартыі'97, БелТА альбо не валодае інфармацыяй, альбо ў чарговы раз надурыла беларусаў. Праезд у маршруце №33 з'яўляецца платным. Пра гэта нам паведамілі ў Дзяржаўнай установе "Сталічны транспарт і сувязь".
Характэрна, што ў КУП "Менсктранс" на пытанне, ці з'яўляецца маршрут №33 платным, не змаглі адказаць, аднак паведамілі, што ў прынцыпе, бясплатных маршрутаў у горадзе няма.
Не ведаюць пра тое, ці платны гэта аўтобус і кіроўцы маршруту №33. Адзінае, што можа ўсцешыць пасажыраў, дык гэта адсутнасць кандуктараў на згаданым маршруце, пакуль...
Праўда, грамадзяне не рызыкуюць і лічаць за лепшае перасоўвацца выпрабаваным чынам. Наш карэспандэнт адзначае, што ў той час, як у 100-ку не ўвайсці, маршрут №33 ездзіць па цэнтры горада практычна пусты.
Між тым, станцыя "Кастрычніцкая" будзе зачынена для пасадкі і высадкі пасажыраў, прынамсі, па 1 верасня. Кошт рэканструкцыі складзе 15 мільярдаў рублёў. У колькі гэта стане асобна ўзятаму грамадзяніну, можна толькі прыкідваць праз простыя разлікі.
Пры адсутнасці месячных праезных квіткоў на метро і аўтобус (а раней хапала толькі магнітнай карткі на метро), паездка ў адзін толькі бок каштавацьме 1800 рублёў замест 600.
Адзінай "ласкай" ад транспартнікаў з'яўляецца толькі тое, што ў сувязі з рэканструкцыяй "Кастрычніцкай" метрапалітэн адмяніў ліміты на колькасць паездак па магнітных картках.


