Лукашэнка: «Саюзная» дамова перастала падабацца Расеі
26- 1.07.2008, 14:29
Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю газеце «Комсомольская правда».Разважаючы аб лёсе «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, ён, у прыватнасці, адзначыў, што нераўнапраўе ў гэтым саюзе «прывядзе яго да развалу».
Па меркаванні Лукашэнкі, тэму «саюзнай дзяржавы» расейская прэса замоўчвае намерана. «Я разумею, што ішлі арыентоўкі — як трэба аб «саюзе» пісаць. Гэта я вельмі добра і дакладна ведаю», — сказаў ён.
Па ягоных словах, з цягам часу Расеі «перастала падабацца» падпісаная ў 1999 годзе саюзная дамова. На абмеркаванне была прапанаваная «саюзная» канстытуцыя, якая, як лічыць Лукашэнка, «у два разы слабейшая за дамову». «Мы не пагадзіліся. Я тады заявіў, навошта прымаць гэтую Канстытуцыю, калі чалавек, прачытаўшы праект, скажа: рабяты, ды што вы нам лажу гэтую падкідваеце, у нас жа ёсць дамова, якая сапраўды робіць наш саюз «саюзнай дзяржавай»», — цытуе газета беларускага кіраўніка.
Затым, адзначыў Лукашэнка, сталі ўзнікаць іншыя праблемы, напрыклад, з валютай. Ён растлумачыў, што ў дамове ад 1999 года ішла гаворка аб адзіным эмісійным цэнтры. «Але ў Маскве сказалі, не, будзе расейскі эмісійны цэнтр, а вы тут вось уключайцеся, падлучайцеся…» — адзначыў беларускі кіраўнік. Такім чынам, лічыць ён, быў парушаны галоўны прынцып пабудовы адзінай дзяржавы — раўнапраўе.
«Рана або позна нераўнапраўе прывядзе яго да развалу. Мы гэта разумеем, ды і ў Расеі разумеюць. Але, мабыць, «саюзная» дамова стала чымсьці не ўладкоўваць расейскае кіраўніцтва, і Масква пачала ад яе адыходзіць», — адзначыў Лукашэнка.