На пытаньне, куды вядуць дэманстрантаў, супрацоўнік АМАПу адказаў: «На расстрэл»
16- 15.07.2008, 9:38
Учора падчас разгона акцыі салідарнасьці з апазыцыйнай моладзю, арыштаванай пасля выбуха ў Менску 4 ліпеня, супрацоўнікі вялі сябе надзвычай груба.
Як паведамляе прэс-служба “Маладога Фронта”, на Кастрычніцкую плошчу прыйшло каля 50 чалавек. Літаральна праз 5 хвілін пасьля таго, як удзельнікі акцыі разгарнулі бел-чырвона-белы і эўрапейскі сьцягі і сталі з партрэтамі арыштаваных юнакоў у ланцуг, дзясяткі амапаўцаў узялі людзей у кола і пачалі жорстка выціскаць з плошчы. Пры гэтым маладафронтаўцы Алене Макарэвіч далі кулаком у нос, а палітык Анатоль Лябедзька быў павалены на зямлю і так моцна зьбіты, што ня мог самастойна падняцца. Пазьней яго адвезьлі ў шпіталь.
Колам людзей давялі да вуліцы Максіма Багдановіча, пасьля па групах адпускалі. Варта адзначыць, што апамаўцы паводзілі сябе надзвычай груба: штурхалі і білі па нагах як маладзёнаў, так і сталых людзей; на пытаньне адной з маладафронтавак, куды ж вядуць людзей, супрацоўнік АМАПу адказаў: “На расстрэл”, другой дзяўчыне было сказана: “Пошла вон, тварь!”
Увесь шлях людзей суправаджалі два араба: ангельскамоўны мусульманін і ягоны перакладчык. На працягу амаль гадзіны арабы няспынна крычалі: “Вы – марыянэткі Буша!”, “Вы – марыянэткі НАТА”, “Вы падтрымліваеце тэрарыстаў!”, Не - зьнішчальнікам сацыялістычнага строю!”. Амапаўцы ж і не скрывалі, што арабы-мусульмане былі наняты для правакацыі, на якую людзі, аднак, не паддаліся.