9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі МЗС вінаваціць Еўразвяз ва ўласных правалах

6

Еўрапейскі звяз абмяжоўвае права беларусаў на свабоду перасоўвання коштам шэнгенскіх віз і працэдурай іх атрымання, гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Андрэя Папова, распаўсюджаным у чацвер.

Такім чынам А.Папоў пракаментаваў нядаўнюю заяву старшынства ЕЗ у Менску аб тым, што "пакуль паміж Беларуссю і Еўразвязам не будзе падпісаная дамова аб супрацоўніцтве і партнёрстве ў рамках еўрапейскай палітыкі добрасуседства, кошт і працэдура атрымання шэнгенскіх віз для беларусаў не зменіцца".

"Увязка Еўразвязам палітычна матываваных пытанняў і коштаў ўязных віз для звычайных беларусаў як мінімум некарэктная", - заявіў прэс-сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства.

Па ягонай адзнацы, нядаўняе далучэнне шэрагу дзяржаваў ЕЗ да шэнгенскай дамовы негатыўным чынам адбілася на простых беларускіх грамадзянах. "Як паказваюць іх шматлікія звароты ў МЗС нашай краіны, грамадзяне Беларусі выпрабоўваюць велізарныя цяжкасці пры атрыманні віз у шматлікіх амбасадах краін-сябраў ЕЗ у Менску. У выніку простыя беларусы, якімі бы ні былі заявы на словах па гэтай падставе прадстаўнікоў Еўразвяа, на справе абмежаваныя ў сваіх планах на вандраванне і наведванне Еўропы", - канстатаваў А.Папоў. "Такім чынам, ёсць падставы казаць аб парушэнні права нашых грамадзян на свабоду перасоўвання насуперак існуючым дамоўленасцям у рамках АБСЕ", - падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.

У каментары адзначаецца, што Беларусь неаднаразова прапаноўвала Еўразвязу правесці перамовы па заключэнні дамовы аб спрашчэнні візавых фармальнасцяў. "Мы працягваем лічыць, што дадзенае пытанне знаходзіцца не ў палітычнай, а выключна ў практычнай, калі жадаеце, агульначалавечай плоскасці. Ізноў пацвярджаем, што гатовыя працаваць на гэтую тэму з Еўразвязам", - заявіў А.Папоў.

Нагадаем, што 10 ліпеня амбасадар Францыі ў Беларусі Мирэй Мюссо ад імя французскага старшынства ў Радзе ЕЗ заявіла, што Еўразвяз зможа перайсці да новай дынамікі ў адносінах з Беларуссю, калі «парламенцкія выбары» у Беларусі будуць празрыстымі і адкрытымі, калі будуць вызваленыя людзі, змешчаныя ў турмы па неабгрунтаваных абвінавачваннях, у тым ліку Аляксандр Казулін.

М.Мюссо падкрэсліла, што гаворка ідзе не толькі аб адзнацы «выбараў» у дзень галасавання, але і аб тым, наколькі свабодная і адкрытая будзе выбарчая кампанія ў цэлым.

Толькі ў выпадку прызнання «парламенцкіх выбараў» свабоднымі магчымае і ажыццяўленне палітыкі добрасуседства ў адносінах Беларусі, падкрэсліла амбасадар.

"Пакуль паміж Беларуссю і Еўразвязам не будзе падпісаная дамова аб супрацоўніцтве і партнёрстве ў рамках еўрапейскай палітыкі добрасуседства, кошт і працэдура атрымання шэнгенскіх віз для беларусаў не зменіцца", — заявіла Мірэй Мюссо.

Па ейных словах, дамова дасць беларусам "тыя жа перавагі, якімі карыстаюцца грамадзяне Расеі, Украіны, Сербіі". Для гэтых краін, нагадаем, памер консульскага збору складае 35 еўра, для беларусаў ён вырас з 1 студзеня 2007 года да 60 еўра.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках