9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З турмаў выходзяць затрыманыя па справе аб выбуху. Ці вызваляць апазіцыянераў? (Відэа)

У некаторых затрыманых па справе аб выбуху ў Менску актывістаў апазіцыі сёння скончваецца 10-дзённы тэрмін утрымання пад вартай.

Аб гэтым паведаміла намеснік старшыні Аб'яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына", жонка аднаго з затрыманых Міраслава Лазоўскага Ніна Шыдлоўская.

"Сёння ўвечары ў Сяргея Чыслава, Міраслава Лазоўскага, Віктара Ляшчынскага, Ігара Корсака - скончваецца 10 - дзённы тэрмін утрымання пад вартай", - паведаміла Шыдлоўская. Па ейных словах, "іх павінныя альбо адпусціць з-пад варты, альбо ім павінныя прад'явіць абвінавачванне".

Шыдлоўская ўдакладніла, што "яны знаходзяцца ў ізалятары часавага ўтрымання ў Менску на вуліцы Акрэсціна". Як раней паведамлялася са спасылкай на Н.Шыдлоўскую, за час знаходжання пад вартай чатырох актывістаў, затрыманых у межах расследавання крымінальнай справы па выбуху ў Менску, дапыталі адзін раз.

У межах расследавання справы аб выбуху таксама затрыманыя сябры Беларускага народнага фронту Антон Койпіш і Ілля Богдан, актывісты апазіцыі Юрый Карэтнікаў і Міхаіл Шарамет.

Учора з ізалятара часавага ўтрымання на Акрэсціна выйшлі людзі, якіх затрымалі 7 ліпеня. У камерах ізалятара знаходзяцца, у тым ліку, студэнты, якія наведвалі хімічны кружок. На волю выйшла студэнтка біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Таццяна Пікун, паведамляе «Радыё Свабода».

Дзяўчына праходзіла як сведка ў крымінальнай справе, узбуджанай мінулым летам ў сувязі з вытворчасцю самаробных петард. У ізалятары знаходзіцца яшчэ адзін фігурант той справы, студэнт універсітэта Алег Шэлег, якога тады пакаралі ўмоўна.

Менавіта студэнты-хімікі першымі патрапілі ў спіс падазраваных. Пазней ува ўсіх супрацоўнікаў інстытутаў хіміі Акадэміі навук, у студэнтаў і выкладчыкаў хімічных факультэтаў універсітэтаў следчыя ўзялі адбіткі пальцаў. Навукоўцы катэгарычна сцвярджаюць, што зрабіць такую бомбу ў хатніх умовах немагчыма. Немагчыма яе таксама зрабіць і на працы. Яны кажуць, што адукацыі хіміка для гэтага нядосыць.

Як раней паведамляла агенцтва "Інтэрфакс-Захад" са спасылкай на часова выконваючага абавязкі начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Канстанціна Шалькевіча, ні аднаму з затрыманых па справе аб выбуху ў Менску 4 ліпеня абвінавачванні не прад'яўленыя. Па ягоных словах, "людзі ў рамках следства затрыманыя на 10 сутак, таму называць прозвішчы, а таксама ўдакладняць іх колькасць немэтазгодна".

Праваабаронцы сцвярджаюць, што па справе аб выбуху затрыманыя ад 50 да 70 чалавек.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках