9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ПАРЕ можа не вярнуць Беларусь у Раду Еўропы з-за закона аб СМІ

5
ПАРЕ можа не вярнуць Беларусь у Раду Еўропы з-за закона аб СМІ

Сітуацыя са свабодай сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі пастаянна пагаршаецца. У сувязі з гэтым Беларусь могуць не вярнуць у Раду Еўропы.

Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па пытаннях свабоды СМІ Эндру Макінтош.

«Нас хвалюе сітуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі, якая адзіная з еўрапейскіх краін не з'яўляецца сябрам Рады Еўропы», — адзначыў дакладчык ПАРЕ. Па ягоных словах, тэма СМІ ў Беларусі пастаянна ўносіцца ў позву паседжанняў падкамітэта Парламенцкай асамблеі.

«На апошняй сустрэчы ў мінулым месяцы прысутнічалі прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія распавялі нам аб існуючых у Беларусі праблемах. Мы запрашалі таксама «дэпутата» парламента Анатоля Красуцкага, але ён адмовіўся прыехаць на паседжанне», — сказаў Э.Макінтош.

Адказваючы на пытанне, як Рада Еўропы можа паўплываць на сітуацыю з беларускімі СМІ, прадстаўнік ПАРЕ адзначыў: «Мы можам зрабіць адзіную рэч — не пайсці насустрач жаданню беларускіх уладаў вярнуцца ў Раду Еўропы. Відавочна, што Беларусь не з'яўляецца дэмакратычнай краінай са свабоднай прэсай, а гэта не адпавядае стандартам, неабходным для знаходжання ў Радзе».

Э.Макінтош сказаў, што чуў аб нядаўна прынятым у Беларусі законе аб СМІ. «Мы ведаем, што некаторыя заўвагі Беларускай асацыяцыі журналістаў былі ўлічаныя. Нажаль, вялікая частка іх прапановаў была адвергнутая», — адзначыў дакладчык.

Э.Макінтош жадаў бы наведаць Беларусь, каб асабіста азнаёміцца з сітуацыяй у краіне. «Але такія пытанні вырашаю не я, а палітычны камітэт. Для станоўчага рашэння неабходнае запрашэнне ад беларускіх уладаў і іх гарантыі, што мы зможам сустрэцца з ўсімі, з кім захочам», — дадаў дакладчык ПАРЕ па пытаннях свабоды СМІ.

Нагадаем, законапраект аб СМІ быў прыняты беларускім «парламентам» у рэкордна кароткія тэрміны. 17 чэрвеня ніжняя «палата» прыняла яго ў першым чытанні, 24 чэрвеня — у другім; 28 чэрвеня законапраект быў ухвалены верхняй «палатай». Зараз дакумент павінен падпісаць Лукашэнка. Новы закон уступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.

У выпадку прыняцця гэтага дакумента ў цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, лічаць у Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Найбольшыя турбота ў незалежнай журналісцкай супольнасці выклікае той факт, што ўлады змогуць блакаваць усе інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі.

Паводле праекту закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцый, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават за адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні зможа суддзя, пракурор або чыноўнік любога райцэнтра.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках