Расейскія ўзбраенні таемна трапляюць у Судан праз Беларусь?
24- 21.07.2008, 8:20
Газета "Sudan Tribune" паведамляе, што, насуперак рэзалюцыі ААН 1591, урад Судана атрымаў партыю расейскіх знішчальнікаў Міг-29. Знішчальнікі былі сакрэтна перапраўленыя ў краіну з Беларусі.
Рэзалюцыя 1591 забараняе пастаўку любых відаў узбраенняў ураду Судана ці мяцежнікам Дарфура.
Крыніца газеты ў суданскім войску паведаміла, што 12 знішчальнікаў Міг-29 былі сакрэтна перапраўленыя з Беларусі ў Судан. Невядома, хто менавіта выступіў пад выглядам прадаўца - урад Беларусі ці нейкая іншая ўсходнееўрапейская краіна.
Знішчальнікі размешчаны на гэты момант на базе суданскіх ВПС Садзі Ваедна, паведамляе ўкраінскі сайт MIGnews.com са спасылкай на "Sudan Tribune".
Паміж Беларуссю і ўрадам Судану падпісаны пратакол аб вайсковай супрацы, паводле якога беларускія інструктары навучаюць суданскіх вайскоўцаў, "дзеляцца з імі вайсковым досведам", а навукоўцы абедзвюх краін сумесна распрацоўваюць "праекты ў вобласці ваеннай навукі".
Летась Расея была абвінавачана ў пастаўках зброі ў Судан арганізацыяй Amnesty International , аднак расейскі МЗС адпрэчыў гэтыя абвінавачанні.
Сёлета ў траўні мяцежнікі збілі Міг-29 над горадам Амдурман, расейскі пілот загінуў.
Пад час вайны і генацыду ў Дарфуре забіта не менш за 400 тысяч чалавек, 5 мільёнаў сталі ўцекачамі.