Галадаючаму праваабаронцу забаранілі перадаваць у турму ваду
3- 21.07.2008, 9:02
Як паведаміў у Беларускі Хельсінкскі камітэт праваабаронца Валер Шчукін, у маці актывіста БХК Паўла Левінава не ўзялі ваду, якую яна прынесла ў ізалятар для сына.
І гэта ў той час, як праваабаронца, адпраўлены за краты прама з рэанімацыі, трымае галадоўку ўжо 5 дзён. Пры гэтым, падкрэслівае не раз сядзеўшы Валер Шчукін, «ваду, што падаецца па трубах у ізалятар часавага ўтрымання, ужываць небяспечна для здароўя, а пры галадоўцы - наогул смерці падобна. Наўрад ці санэпідстанцыя калі-небудзь рабіла аналіз якасці вады, якой начальнік ІЧС, падпалкоўнік Шыпуля, частуе кантынгент, даручаны яму пад ахову».
Як раней паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, 16 ліпеня Левінава даставілі ў Першамайскі РАЎС Віцебску прама з лякарні. Судовая пастанова аб ягоным 10-суткавым арышце было вынесенае яшчэ 26 мая. Суддзя суду Першамайскага раёна горада Валянціна Кісмерошкіна прызнала праваабаронцу вінаватым у здзяйсненні правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 17.1 і 23.4 КААП (дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Гаворка ідзе аб падзеях 27 сакавіка 2008 года. У той дзень П.Левінаў прыехаў дадому да віцебскага журналіста Вадзіма Баршчэўскага, дзе супрацоўнікі КДБ здзяйснялі ператрус, для аказання прававой дапамогі. Прадстаўнікі праваахоўных органаў затрымалі Левінава, абвінаваціўшы яго ў непадпарадкаванні прадстаўнікам улады і ва ўжыванні нецэнзурных выразаў. Амаль два месяцы прадстаўнік БХК спрабаваў аспрэчыць дадзенае рашэнне суду і давесці сваю невінаватасць.
Па інфармацыі БХК, П.Левінава павезлі для адбыцця арышту прама з палаты рэанімацыі 2-й клінічнай лякарні Віцебску, куды ён патрапіў напярэдадні. 15 ліпеня праваабаронца пабываў на прыёме ў пракурора Віцебскай вобласці Генадзя Дыско з мэтай дамагчыся адмены рашэння суду. Пракурор абяцаў разабрацца ў сітуацыі, аднак пры вахадзе з будынка пракуратуры Левінава затрымалі і даставілі ў міліцыю. Там праваабаронцу стала дрэнна, і яго на машыне хуткай дапамогі адвезлі ў 2-ю лякарню. Па інфармацыі БХК, дзяжурны кардыёлаг, перамовіўшыся з кімсьці па тэлефоне, адмовілася шпіталізаваць Левінава. Выходзячы з лякарні, ён знепрытомнеў і ачуўся толькі праз некалькі гадзін у палаце рэанімацыі.
Брат прадстаўніка Беларускага Хельсінкскага камітэта Паўла Левінава паведаміў, што праваабаронцу пры затрыманні былі нанесеныя целавыя пашкоджанні.