9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазыцыянеры застаюцца падазраванымі ў справе аб выбуху

2

Сярод затрыманых па справе выбуху 4 ліпеня на канцэрце да Дня незалежнасьці не засталося прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый. Аднак усе яны застаюцца падазраванымі і мусяць па першым выкліку зьяўляцца ў органы сьледзтва.

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрась Карэтнікаў трое сутак правёў у адзіночнай камэры сьледчага ізалятару КДБ, так званай “амэрыканцы”. Ён сказаў, што супрацоўнікі КДБ зрабілі ў яго кватэры фармальны ператрус і папярэдзілі, што ён ня можа раскрываць таямніцу сьледзтва.

“Маё алібі было пацьверджана ў першы ж дзень. У мяне былі адзнакі ў пашпарце, што я 29 чэрвеня з аэрапорту “Менск-2” вылецеў, што 6-га позна вечарам я прыляцеў. Я знаходзіўся па-за межамі Беларусі. Я так разумею, што мне проста зрабілі такую экскурсію напярэдадні выбарчай кампаніі, проста паказалі, што вось глядзі, ты ў нас пад асаблівым кантролем. Я ўспрымаю гэта як ціск напярэдадні “выбарчай кампаніі”, бо я зьяўляюся прэтэндэнтам на кандыдата ў дэпутаты па сьпісе аб'яднаных дэмсілаў, па Паўднёва-заходняй акрузе Менску. Я ім сказаў, калі хочаце мяне зламаць, то гэта не атрымаецца. Адзінае, што мяне хвалявала — не было інфармацыі. Я падрыхтаваў заяву на рэгістрацыю і баяўся, што не пасьпею паўдзельнічаць у кампаніі”, -- паведаміў ён у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

22-гадовы актывіст Партыі БНФ Антон Койпіш зьвязвае сваё затрыманьне з актыўным удзелам у “выбарчай кампаніі”. Ён кажа, што за 10 сутак, якія ён правёў у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, яго толькі азнаёмілі з тэчкай дакумэнтаў, якія яму былі малацікавыя:

“Было намалявана, як выглядае вось гэты пакет з-пад соку, які там быў напханы тратылам, а ў тратыл былі ўплаўленыя гайкі па баках. Там былі розныя экспэртызы. Ну што я магу разабраць у экспэртызе ДНК? Былі пералічаныя і пацярпелыя, і ў іх бралі кроў для аналізу таксама. Вельмі цікавага нічога я не знайшоў. Адзін зь людзей, які сядзеў са мной, апавёў, што на першым жа допыце сьледчы казаў, што гэта вісяк вісяком. Шчыра кажучы, спачатку разглядаў магчымасьць, што мне будуць шыць 10 год, што будуць зноў фабрыкаваць гэтую крымінальную справу. Ледзь ня ўпаў у дэпрэсію. Але потым адышоў і зразумеў, што ня варта шкадаваць пра тое, што я рабіў дагэтуль. І, канечне, я буду працягваць рабіць усё тое, што я рабіў”, -- паведаміў Койпіш “Радыё Свабода”.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках