БМЗ не будзе прыватызаваны
3- 22.07.2008, 9:15
"Пытанне аб тым, што БМЗ будзе акцыянаваны ці прададзены, нават не абмяркоўваецца", — заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску генеральны дырэктар ПА "Беларускі металургічны завод" Мікалай Андрыянаў.
Ён паведаміў, што "велізарную цікавасць да заводу выяўляюць расейскія металургічныя алігархі, якія жадаюць паўдзельнічаць у БМЗ". "Але гэта не азначае, што завод будзе акцыянаваны або прададзены", — дадаў гендырэктар. Дадзенае пытанне можа быць вырашанае праз стварэнне сумеснай вытворчасці, адзначыў М.Андрыянаў.
Па ягонай інфармацыі, на прадпрыемстве і ва ўрадзе вырашаецца пытанне аб стварэнні лістапракатнай вытворчасці на БМЗ. Яе плануецца арганізаваць на новай пляцоўцы побач з заводам. "Цяпер праводзяцца перамовы з патэнцыйнымі партнёрамі па рэалізацыі гэтага праекту. Да яго праяўляюць цікавасць шэраг расейскіх, нямецкіх і карэйскіх кампаній. Але нам неабходна знайсці такога партнёра, які меў бы не толькі грошы, але сыравінную базу", — лічыць М.Андрыянаў. Пры гэтым ён адзначыў, што рашэнне аб выбары партнёра па праекце будзе прымаць урад, перадае сайт MetalTorg.Ru.
М.Андрыянаў паведаміў, што перамовы аб крэдытаванні праекту прайшлі з кіраўніцтвам шэрагу банкаў Вялікабрытаніі і Аўстрыі. На гэтыя мэты запатрабуецца 2—2,5 млрд. даляраў. "Мы чакаем у 2009 годзе афіцыйнага ўхвалення праекту ва ўрадзе і ў прэзідэнта", — адзначыў М.Андрыянаў. Рэалізаваць праект плануецца на працягу пяці-шасці год.