9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адкрыццё станцыі метро «Кастрычніцкая» пераносіцца

3

На «Кастрычніцкай» пачалі збіраць новыя эскалатары. Але станцыя метро можа адкрыцца не раней за кастрычнік.

Перасадкавая станцыя менскага метро зачыненая амаль два месяцы, і, здаецца, пасажыры ўжо звыкліся з часовымі нязручнасцямі. Але адзінае пытанне па-ранейшаму хвалюе ўсіх: калі жа «Кастрычніцкая» зноў запрацуе? Аб'яваў на гэты конт у самім метро няма, у наземным транспарце - тым больш.

За адказамі газета “Рэспубліка” звярнулася ў дырэкцыю па будаўніцтве Менскага метрапалітэна. Там растлумачылі: з 9 чэрвеня на «Кастрычніцкай» цалкам дэмантавалі старыя эскалатары і іх падмурак. Адбілі перфаратарамі 80 кубаметраў бетону. Яго дастаўлялі на паверхню ўручную і вывозілі начнымі рэйсамі. Наступны крок - заліванне новага падмурка - таксама завершаны. Зараз найважнейшы этап - усталёўка новых эскалатараў, якія спецыяльна для Менска былі вырабленыя ва Ўкраіне. Але ў Беларусі не знайшлося спецыялістаў, здольных выконваць працу такой складанасці, таму мантажнікаў прыйшлося шукаць за мяжой.

- Дамова падпісаная з вядомай расейскай кампаніяй з Санкт-Пецярбурга, якая займаецца мантажом, рамонтам і абслугоўваннем эскалатараў. У нядзелю тры брыгады прыбылі ў Менск і ў панядзелак прыступілі да працы, - кажа Аляксей Мурач, галоўны інжынер КУП «Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага метрапалітэна». - Сёння тэрміны завяршэння ўсіх прац удакладняюцца. Арыентыровачны час канчатка мантажу - канец верасня.

У піцерскай кампаніі, куды датэлефанаваліся журналісты, удакладняюць, што задачы перад мантажнікамі стаяць складаныя.

- Па дамове нашыя адмыслоўцы павінныя былі прыбыць у Менск і пачаць мантаж эскалатараў яшчэ 14 ліпеня. Але да гэтага часу пляцоўка на «Кастрычніцкай» была не гатовая, - кажа Яўгей Маневіч, начальнік камерцыйнага аддзела ЗАТ «ЭС-сэрвіс». - Значыць, улічваючы ўвесь аб'ём прац, эскалатары будуць сабраныя бліжэй да сярэдзіны кастрычніка.

Цяпер у Менску працуюць 15 супрацоўнікаў піцерскай кампаніі. На наступным тыдні прыедуць яшчэ 10 спецыялістаў. Ім яшчэ не даводзілася працаваць з эскалатарамі такой мадэлі.

Мантажнікам з Санкт-Пецярбурга дапамагаюць працаўнікі Менскага метрапалітэна.

“Гэта выдатная магчымасць набрацца досведу. Бо ў будучыні папросяць замены састарэлыя эскалатары і на іншых станцыях метро. А запрашаць замежных адмыслоўцаў, мусіць, нятанна”, -- рэзюмуе афіцыйная газета.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках