Амбасаду Чэхіі ўзначаліў часовы павераны Йіржы Карас
- 30.07.2008, 16:51
Амбасаду Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь узначаліў часовы павераны Йіржы Карас.
Як паведамілі БелаПАН у чэшскай амбасадзе, Й.Карас быў прызначаны часовым павераным у справах Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі ў чэрвені. Да гэтага ён працаваў у Беларусі консулам.
Папярэдні часовы павераны Ўладзімір Румл пакінуў Беларусь 29 красавіка ў сувязі з заканчэннем тэрміна сваіх паўнамоцтваў. Ён узначальваў чэшскую дыпмісію ў Менску больш за чатыры гады.
Йіржы Карас нарадзіўся 30 ліпеня 1942 года. У 1968 годзе скончыў эканамічны факультэт Сельскагаспадарчага інстытута ў Празе. У 1975 годзе за "антысавецкую і антысацыялістычную дзейнасць" быў выключаны з Карлава ўніверсітэта, дзе завочна вучыўся на юрыдычным факультэце. Вучобу скончыў у 1990 годзе, у 1991 — атрымаў ступень доктара.
У 1990—2006 гадах быў сябрам Палаты дэпутатаў парламента Чэхіі ад Хрысціянска-дэмакратычнай уніі — Чэхаславацкай народнай партыі. Уваходзіў у склад міжнароднага камітэта, працаваў намстаршынём пастаяннай дэлегацыі чэшскага парламента ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ і старшынём падкамітэта па сувязях з суайчыннікамі ПА АБСЕ.
У 2006 годзе стаў дзяржаўным дарадчыкам у Міністэрстве замежных спраў Чэхіі. З 2007 года працаваў консулам у чэшскай амбасадзе ў Менску.
Валодае расейскай, нямецкай, ангельскай і французскай мовамі.