М.Грыб: «Гэта не хуліганства, гэта тэракт»
17- 4.07.2008, 13:30
Генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб мяркуе, што выбух у часе канцэрту ў Менску нельга кваліфікаваць як хуліганскі ўчынак, як гэта зрабілі прадстаўнікі УУС Менгарвыканкаму, паведамляе "Радыё Свабода".
«Гэта занадта маштабнае злачынства, каб яго можна было трактаваць як хуліганства. Гэта нешта падобнае да тэрарыстычнага акту. Дакладна ж можна будзе гаварыць, калі будзе раскрытае гэтае зласчынства, знойдзенныя і дапытаныя вінаватыя».
Мечыслаў Грыб перакананы, што цяперашняе злачынства мае карані ў аналягічным віцебскім выпадку:
«Калі адно аналягічнае злачынства застаецца нераскрытым, тады можна чакаць другога. Найбольш небясьпечна, калі за гэтыя злачынствы затрымліваюць і прыцягваюць да адказнасьці невінаватых людзей. Гэта разьвязвае рукі сапраўным злачынцам, якія лічаць сябе беспакаранымі».
Мечыслаў Грыб мяркуе, што ўлады могуць выкарыстаць гэты тэракт як нагоду для ціску на апазыцыю:
«Я ў гэтым не сумняваюся. Каго яны абвінавацяць, цяжка сказаць, але будуць шукаць сярод апазыцыі. Мяркую, што праз непрацяглы час гэтую справу будуць кваліфікаваць як тэракт, а калі раскрыюць і знойдуць нейкае дачыненьне да апазыцыі, то ўжо ўсім спасу ня будзе».