Беларускі віцэ-прэм'ер пагражае Расеі скасаваннем дамовы па газе
47- 1.08.2008, 12:10
Беларусь настойвае на падпісанні дадатковага пагаднення да дамовы аб утварэнні кошту на газ "у сувязі з істотнай зменай акалічнасцяў". У адваротным выпадку магчыма яе скасаванне.
Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, пераказвае "Інтэрфакс".
"Пры падпісанні той дамовы (31 снежня 2006 года) мы абапіраліся на расейскі прагноз змены кошту на нафту, які прадугледжваў яго паніжэнне. Паколькі і ў расейскім, і ў беларускім цывільных кодэксах ёсць артыкулы пра тое, што дамова можа быць зменена ці скасавана ў сувязі з істотнымі зменамі акалічнасцяў, мы прапануем сесці за стол перамоваў і альбо скасаваць дамову, што недапушчальна, альбо дапоўніць, каб прыйсці да цывілізаванага рашэння наконт кошту на газ", - заявіў У.Сямашка.
Як падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер, цяпер Беларусь і Расея знаходзяцца "у стадыі перамоваў".
У.Сямашка таксама адзначыў, што, "калі на пачатку 2008 года кошт на газ для Беларусі складаў $119 за 1 тыс. куб. м., то цяпер мы перайшлі да кошту $127,9, які будзе да канца года".
Першы віцэ-прэм'ер зазначыў, што, калі сыходзіць з падпісанай дамовы і вызначанай паводле яе формулы кошту на газ, то Беларусь можа чакаць рэзкі рост коштаў, паколькі ў свеце растуць кошты на энергарэсурсы. Між тым, ён звярнуў увагу, што ў новым кабінеце міністраў Расеі маецца намер адкласці пераход на прынцып роўнапрыбытковасці кошту на газ ад рэалізацыі на ўсіх рынках з 1 студзеня 2011 па 2014-2015 гады.
У.Сямашка патлумачыў, што ў Расеі лічаць, што, "калі рушыць кірункам раней вызначанай стратэгіі, то ў ноч на 1 студзеня 2011 года Расеі давядзецца падвоіць кошты на энерганосьбіты, што будзе для яе катастрофай". Першы віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што "Расея запаволіць траекторыю (руху да роўнапрыбытковасці коштаў - ІФ), і ў нас паўстае аргумент: чаму нам - маленькай краіне - можна істотна ўзняць кошт?".