Мядзведзеў загадаў расейскім войскам спыніць агонь
11- 12.08.2008, 12:38
Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў абвесціў аб завяршэнні вайсковых дзеянняў на тэрыторыі Грузіі.
Мэта аперацыі, лічыць Мядзведзеў, дасягнутая, бяспека міратворцаў і мірных жыхароў забяспечаная, "агрэсар пакараны", а магчымыя агмені агрэсіі будуць знішчанымі.
Аб завяршэнні аперацыі ў Паўднёвай Асеціі Мядзведзеў сказаў на сустрэчы з міністрам абароны і кіраўніком Генштабу. Фрагменты гэтай сустрэчы былі паказанымі ў эфіры тэлеканала НТВ. Прэзідэнт Расеі таксама даручыў міністру абароны Анатолю Сярдзюкову ўзнагародзіць вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі ў Паўднёвай Асеціі.
Мядзведзеў таксама даручыў "у выпадку ўзнікнення агменяў супраціву ў Паўднёвай Асеціі і іншых агрэсыўных наступаў – прымаць рашэнні аб знішчэнні", паведамляе ІТАР-ТАСС.
Па апошніх дадзеных, сталіца Паўднёвай Асеціі Цхінвалі на дадзены момант цалкам кантралюецца ўладамі непрызнанай рэспублікі і расейскімі вайскоўцамі. У той сама час яшчэ некалькі гадзінаў таму паведамлялася, што расейскае войска вядзе баі з грузінскімі вайскоўцамі ў 20 кіламетрах на поўдзень ад сталіцы Паўднёвай Асеціі.
Так званая аперацыя па прымусе да міру была распачатай па распараджэнню прэзідэнта Расеі 9 жніўня, на наступны дзень пасля эскалацыі канфлікту ў Паўднёвай Асеціі. Расейскае кіраўніцтва бачыла мэтай гэтай аперацыі абарону грамадзян Расеі ў рэгіёне (каля 90 адсоткаў жыхароў непрызнанай рэспублікі маюць расіейскае грамадзянства). У рамках гэтай аперацыі ў якасці ўзмацавання расейскім міратворцам у зону канфлікту былі перакінутымі танкі, дэсантнікі з розных рэгіёнаў Расеі і дзве роты батальёнаў "Усход" і "Захад" дыслакаванага ў Чачні спецпрызну ГРУ.