9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салігорску насоляць. «Беларуськалій» павінен падзяліцца з дзяржавай?

1

Рэкордныя кошты на калійныя ўгнаенні, тона якіх на спотавых рынках ужо перакрочыла тысячадаляравую мяжу, могуць падштурхнуць дзяржаву да ўводзінаў часовай экспартнай мыты на калійныя ўгнаенні.

Такое рашэнне можа быць прынятым Саўмінам, пацвердзілі ў Беларускай калійнай кампаніі, зазначыўшы, што тэксту дакументу яшчэ ня бачылі. Для найбуйнога беларускага вытворцы РУП ВА «Беларуськалій» такая мера, па заявах прадстаўнікоў кампаніі, не стане крытычнай, але пацвердзіць правіла «адбірання і дзялення», якое ў Беларус іўкаранела, піша «БДГ».

У 2008 годзе«Беларуськалій» вінен быў паставіць на экспарт 7,1 млн. тон калійных угнаенняў, з якіх за першыяпаўгодкі ўжо экспартавана 4,24 млн. тон. Пры гэтым Беларускай калійнай кампаніі (БКК) – эксклюзіўнаму пастаўніку «Беларуськалія» і «Уралкалия» (г. Беразнякі, Расея) на замежныя рынкі – атрымалася давесці кошты на спотавых рынках да 1000 даляраў за тону для імпарцёраў Бангладэш, Шры-Ланкі, Паўночнай Амэрыкі і Бразыліі. Кошты па кантрактах з Кітаем і Індыяй складаюць 650 і 625 даляраў адпаведна.

Калі летась экспартны прыбытак «Беларуськалія» павялічыўся ў параўнанні з 2006 годам на 325 млн. даляраў і склаў 1,325 млрд. даляраў, то сёлета ён чакаецца на ўзроўні 3 млрд. даляраў.

Пры гэтым эксперты прагназуюць наступны рост коштаў на рынку. «Па нашых прагнозах тэндэнцыя росту попыту і, адпаведна, кошту на калійныя ўгнаенні з'яўляецца доўгатэрміновай і захаваецца ў бліжэйшыя некалькі гадоў. Асноўнымі фактарамі ўплыву сталі рост сусветнага сельскагаспадарчага рынку, рост колькасці насельніцтва, асабліва ў краінах з хутка развівальнай эканомікай, такіх, як Індыя і Кітай, і паляпшэнне якасці жыцця – людзі сталі больш і лепш харчавацца»,- заявіў у ліпені генеральны дырэктар БКК Уладзімір Нікалаенка.

Спрыяльная кан'юнктура рынку можа павялічыць апетыты дзяржавы, што разглядае магчымасць уводзінаў часовай экспартнай мыты на калійныя ўгнаенні ў памеры 300 даляраў за тону. Мера ня новая. У Расеі дзейнічае 5-адсоткавая экспартная мыта на ўгнаенні (гэта значыць мінімум у 6 разоў ніжэй, чым прапаноўваецца ўвесці ў Беларусі), і Федэральная антыманапольная служба ўжо заявіла аб магчымасці падвышэння ставак, калі будзе ўсталявана, што кампаніі ажыццяўляюць пастаўкі на знешнія рынкі ў шкоду ўнутранаму. Асцерагаючыся павелічэння мытаў, «Уралкалий» ужо абвесціў аб фіксацыі коштаў на калійныя ўгнаенні на ўнутраным рынку (на яго пастаўляецца каля 10% прадукцыі прадпрыемства) да канца году.

У Беларусі сытуацыя некалькі іншая. На ўнутраны рынак «Беларуськалій» у першых паўгодках ўжо паставіў 958 тыс. тонаў калійных угнаенняў і да канца года давядзе пастаўкі да 1,2 млн. тон. Так што ад нарастальных аб'ёмаў знешніх паставак беларускі АПК не пакутуе. Да таго ж, звышпрыбытак салігорскага прадпрыемства такім чынам не застаецца ў поўным распараджэнні «Беларуськалія», які, паводле распараджэння Саўміну, у 2008 году вінен папоўніць бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця 100 млн. даляраў.

Калі цяперашнія прапановы Саўміна будуць рэалізаванымі ў поўным аб'ёме, бюджэт папоўніцца 700 млн. далярамі, а «Беларуськалій» пазбавіцца значных сродкаў - у развіццё рэсурсавай базы і мадэрнізацыю вытворчасці прадпрыемства штогод укладае парадку 300 млн. даляраў. Ці дастаткова пазасталых сродкаў для будаўніцтва двух новых рудняў — Чырвонаслабацкой і Беразоўскай, якое плянуецца скончыць адпаведна ў 2009 і 2012 гадох, пакуль не зразумела.

Зрэшты, пакуль прадстаўнікі кампаніі паставіліся да магчымага скарачэння прыбытку даволі спакойна. «Мы гатовыя падзяліцца сваімі звышпрыбыткамі з дзяржавай»,- пракаментаваў магчымыя ўводзіны мытаў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па эканоміцы і кіраванню Фёдар Бараноўскі, выступаючы перад журналістамі 12 жніўня. У БКК адмовіліся ад каментароў, прапанаваўшы дачакацца выхаду адпаведнага нарматыўнага дакументу, «калі такі наогул будзе прынятым».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках