9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея часова прыпыніла супрацоўніцтва з НАТА

5

Сталы прадстаўнік Расеі пры НАТА Дзмітрый Рагозін пацвердзіў інфармацыю аб спыненні супрацоўніцтва з НАТА. Чальцам альянсу было разасланым афіцыйнае апавяшчэнне аб часавым прыпыненні вайсковага супрацоўніцтва.

Па словах Рагозіна, рашэнне носіць часовы характар і будзе заставацца ў сіле "да прыняцця палітычным кіраўніцтвам Расеі адмысловага рашэння на гэты конт". "Рашэнне распаўсюджваецца на візіты вайсковых дэлегацыяў і правядзенне сумесных вучэнняў", - паведаміў расейскі прадстаўнік. Сам Рагозін 22 жніўня вернецца ў Маскву для наступных кансультацыяў.

Раней аб атрыманні расейскай ноты адпаведнага зместу паведаміў прэс-сакратар НАТА Кармэн Рамэра. У афіцыйнай заяве Вашынгтону, якая рушыла ўслед, гаворыцца, што "вайсковае супрацоўніцтва з расейцамі і без таго цяжка сабе ўявіць, пакуль ня будзе вырашанай сытуацыя ў Грузіі".

У аўторак па ініцыятыве Альянсу была прыпыненай дзейнасць рады Расея-НАТА. Выступаючы пасля сустрэчы з кіраўнікамі МЗС краінаў Альянсу, генсак НАТА Яап дэ Хоап Схефер заявіў, што аднаўленне дзейнасці Рады адбудзецца толькі пасля таго, як Расея выведзе свае войскі з тэрыторыі Грузіі на даваенныя пазыцыі. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўраў паведаміў у зваротнай заяве, што Расея не збіраецца "пляскаць дзвярыма" у НАТА, аднак Альянсу неабходна зрабіць выбар паміж супрацоўніцтвам з Масквой і падтрымкай Грузіі.

Паміж тым расейскі бок учора прадэманстраваў, што для яго зусім нічога не значыць заступніцтва Францыі і Нямеччыны. Так, на пад'ездзе да Горы расейскімі міратворцамі быў затрыманым амбасадар Францыі ў Грузіі Эрык Фурнье. Па паведамленні AFP, на працягу трох гадзінаў дыплямату не дазвалялі праехаць у Горы. Каментуючы тое, што адбылося, намкіраўніка генштабу РФ Анатолій Нагавіцын заявіў, што амбасадар сам вінаваты, паколькі вінен быў загадзя апавясціць расейскіх вайскоўцаў аб сваёй паездцы. Генерал-палкоўнік Нагавіцын зазначыў, што старшыня АБСЕ, кіраўнік МЗС Фінляндыі Аляксандар Стубб пазбег учора падобных непрыемнасцяў, паколькі загадзя папярэдзіў расейскіх вайскоўцаў аб сваім прыездзе ў Горы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках