Кандыдата ў дэпутаты затрымлiваў асабіста начальнiк крымiнальнага вышуку
- 22.08.2008, 9:08
У апошнi дзень рэгiстрацыi кандыдатаў у дэпутаты ў Лепелi быў затрыманы сябра аргкамiтэта па стварэннi Беларускай хрысцiянскай дэмакратыi Аляксей Александровiч.
"Натуральна, затрыманне пазбавiла мяне магчымасцi зарэгiстравацца кандыдатам у дэпутаты", — паведаміў Аляксей Александровіч “Народнай волі”.
Ён збiраўся вылучацца па 23-й Лепельскай акрузе. Аднак у апошнi дзень падачы дакументаў Александровiч быў затрыманы падчас сустрэчы з сябрамi сваёй iнiцыятыўнай групы.
"Мяне затрымлiваў начальнiк крымiнальнага вышуку Лепеля Гвошчанка, — працягвае Аляксей. — Супрацоўнiк мiлiцыi запатрабаваў прад'явiць пашпарт, якi знаходзiўся ў аўтамабiлi, пасля чаго мяне прымусова звезлi ў РАУС. Там задавалi пытаннi кшталту "хто такi?" ды "што тут робiш?", прычым увесь час прыходзiлi новыя людзi, i так званы "допыт" паўтараўся зноў i зноў". Урэшце каля восьмай гадзiны вечара Аляксея адпусцiлi. "Па ўсiм вiдаць, што мiлiцыя спецыяльна цягнула час, каб тэрмiн падачы дакументаў на рэгiстрацыю скончыўся", — мяркуе Аляксей Александровiч.
Ён лiчыць, што такое супрацьдзеянне ўлады выклiкана тым, што мясцовыя чыноўнiкi пабачылi пагрозу для сябе ў якаснай i зладжанай працы яго каманды.