Мэтай наступу на Каўказе для Расеі была Амэрыка?
12- Торникэ Гардадзе, «Le Monde»
- 22.08.2008, 10:07
Расея была падрыхтаванай да вайны. Мэтай нападу на Грузію было жаданне зняважыць, у першую чаргу, Захад, асабліва Злучаныя Штаты, лічаць эксперты.
"Мы ня будзем паводзіць сябе як малпы і дзейнічаць абавязкова вось гэтак жа прамалінейна або люстэркава. У нас ёсць хатнія нарыхтоўкі – і мы ведаем, што мы будзем рабіць", – заявіў Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі ў лютым, неўзабаве пасля прызнання незалежнасці Косава краінамі Захаду.
Гэтая загадкавая заява не давала супакою еўрапейскім кіраўнікам і аналітыкам, адчувалым, што адказ рушыць услед на Каўказе. Калі казаць аб пошуку віноўных, у Грузіі былі ўсе прыкметы ідэальнага грэшніка. Яна ўжо даўно назапашвала "дрэнныя" ачкі: адчайна празаходняя, якая упарта імкнецца да еўраатлантычнай інтэграцыі, яна, да таго ж, адкрыла сваю тэрыторыю для энергетычнага калідору, што пазбаўляе "Газпром" і ягоную палітычную эманацыю – Крэмль – манаполіі на пастаўкі ў Еўропу. Былі і іншыя кандыдаты – Прыбалтыка і Ўкраіна, але першая ўжо схавалася пад парасонікам НАТА, а другая – занадта вялікая, каб бяскарна паглынуць і пераварыць яе на гэтым этапе.
Сённяшняя вайна – не вайна паміж грузінамі і іхняй асяцінскай меншасцю, і нават не вайна паміж Расеяй і Грузіяй за кантроль над Паўднёвай Асеціяй. Найболей верагодныя маштабы стратаў варта шукаць паміж лічбай у 2000 ахвяраў сярод грамадзянскага насельніцтва, растыражаванай расейскімі ўладамі, і пяццю дзясяткамі загінулых, якіх налічылі назіральнікі Human Rights Watch. Паўднёвая Асеція, якой ужо шмат гадоў кіруюць расейскія афіцэры, пераўтварылася ў расейскі рэдут у самім сэрцы незалежнай Грузіі. Эканамічна нязначная, дэмаграфічна абяскроўленая, Паўднёвая Асеція стала сама мілітазаванай зонай на ўсёй савецкай прасторы: 2500 чалавек з зброяй на 35000 жыхароў.
Акрамя грошаў, зброі і палітычнага кіраўніцтва, Расея ў рэкордныя тэрміны падала расейскае грамадзянства жыхарам грузінскіх сепаратыскіх рэгіёнаў і, як па ўзмаху чарадзейнай палачкі, асяціны і абхазы сталі расейскімі грамадзянамі. Міністар замежных справаў Швецыі Карл Більдт параўнаў такі каўзучы экспансіянізм з палітыкай нацыскай Нямеччыны ў дачыненні да нямецкамоўнага насельніцтва Чэхаславакіі і Польшчы, а таксама з дзеяннямі Слабадана Мілошавіча ў дачыненні да сербскіх меншасцяў Босніі і Харватыі. Вайна была абвешчанай менавіта тады, а не 7 жніўня.
Еўропа і Захад у цэлым самі дапусцілі гэта. Сёння той сама Захад крытыкуе Міхаіла Саакашвілі за першы неразважны стрэл. Цверазейшы аналіз дазволіць развеяць смугу, якая ахутвае пачатак вайсковых аперацыяў. Ці было гэта пасткай, расстаўленай расейцамі, вайсковай памылкай або апошняй кропляй, якая перапоўніла келіх, калі тысячы "апалчэнцаў" і "казакаў" сталі перасякаць грузінскую мяжу?
Гэта высветліць сур'ёзнае і непрадузятае расследванне. Але ўжо цяпер відавочна, што Расея была падрыхтаванай да вайны. Мэтай нападу на Грузію было зняважыць не толькі яе і ейнага "занадта нахабнага" прэзідэнта, але таксама і, у першую чаргу, Захад, асабліва Злучаныя Штаты. Стукнуць тамака, дзе балюча, зведучы да мінімуму рызыку: такой была мэта расейскіх стратэгаў.
Расея горача жадала стаць тым, што ёй найбольш агідна – новай Амэыкай. Амэрыкай, што пачала вайну ў Іраку без санкцыі ААН. Амэрыкай, якая карае Сербію і апякуецца стварэннем новай дзяржавы – Косава. "Еўропа – гэта перыферыя", – заявіў адзін расейскі дэпутат, бо Расея ўжо пачала ўяўляць сябе ўзыходзячай звышдзяржавай, якая супрацьстаіць Амеэрыцы, што схіляецца да заняпаду. Расейскія СМІ, цалкам падкантрольныя Крамлю, шпігавалі сваіх суграмадзянаў прапагандай новай расейскай велічы.
Штатны крамлёўскі палітоляг і дэпутат Дзярждумы Сяргей Маркаў сказаў, што сыгнал аб пачатку вайсковых аперацыяў аддаў асабіста Дзік Чэйні, а Расея ваявалі супраць Амэрыкі – адзінай годнай суперніцы новай расейскай дзяржавы. Тым ня менш, якой бы аднабаковай ні была амэрыканская палітыка, Злучаныя Штаты захавалі на сённяшні дзень больш прыхільнікаў за Расею. У Іраку амэрыканцам атрымалася сабраць кааліцыю з трыццаці дзяржаваў, тады як Масква не змагла нават заручыцца падтрымкай сваіх партнэраў па Садружнасці Незалежных Дзяржаваў.
Беларускі прэзідэнт, выключаны з міжнароднай супольнасці, дзесяць дзён па-стаічнаму захоўваў маўчанне, каб, у выніку, неахвотна выказаць сваю ўхвалу пасля выкліку ў сочынскі сераль, тады як сірыйцу Башару Асаду паабяцалі прадаць ракеты "Іскандэр" у абмен на асуджэнне амэрыканскай палітыкі ў дачыненні да Расеі. Расеі ж пакуль яшчэ далёка да Амэрыкі, і будзе гэтак жа далёка, пакуль ейнае рэгулярнае войска рабуе грузінскія вайсковыя базы, выносячы адзежу, батарэі і рукамыйніцы; пакуль ейныя палітычныя кіраўнікі і дыпляматы змяняюць пазыцыі па некалькі разоў на дзень, нягледзячы на свае подпісы, што ўпрыгожваюць дамову аб спыненні агню.
Міжнародная ізаляцыя Расеі можа толькі ўзмацніцца, таму што Старая Еўропа, нягледзячы на свой больш умераны тон, павольна, але дакладна перагледзіць сваю палітыку ў дачынені да Масквы. Пад пытаннем – давер да Расеі як дзяржаве-міратворцу. Нягледзячы на раўналежнікі, праведзеныя Ўладзімірам Пуціным паміж Садамам Хусэйнам і Міхаілам Саакашвілі, апошні не хутка паўстане перад міжнародным трыбуналам, а абвінавачванні ў генацыдзе, якія высоўваюцца расейцамі, ня пройдуць – Чачня абавязвае. Вайсковае ўварванне ў Грузію назаўжды застанецца няўдалым рымейкам уварвання ў Ірак, а Горы, хоць і радзіма найвялікшага дыктатара XX стагоддзя, – Багдадам бедных.
Торнікэ Гардадзэ – кіраўнік Цэнтру вывучэння Каўказа пры Французкім інстытуце анаталійскіх даследаванняў.