9 чэрвеня 2026, aўторак, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывістка апазыцыі заявіла аб прыніжэннях, якія яна перанесла ў турме

Актывістка апазыцыі заявіла аб прыніжэннях, якія яна перанесла ў турме

Актывістка апазыцыі Жанна Абрамава з Берасьця накіравала скаргу пракурору Ленінскага раёну абласнога цэнтру на ўмовы ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) Ленінскага РАУС.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, гэтая скарга з'яўляецца часткай кампаніі праваабаронцаў па паляпшэнні ўмоваў утрымання ў дадзенай установе. У тым ліку — ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.

Праваабаронца сказаў, што Ж.Абрамава знаходзілася ў ІЧУ 29 верасня — 1 кастрычніка 2005 году і 27—30 студзеня 2006 году. Ён удакладніў, што ў адпаведнасці з законам Беларусі "Аб зваротах грамадзян" скаргі могуць быць накіраванымі грамадзянамі ў дзяржаўныя ворганы не пазней за тры гады з дня парушэння іхніх правоў або з дня, калі ім стала вядома аб такім парушэнні.

Па словах праваабаронцы, у сваім звароце ў пракуратуру Ж.Абрамава паказвае на неналежныя ўмовы ўтрымання ў дадзеным ізалятары. Пры гэтым асаблівую ўвагу звяртае на тое, што ў ІЧУ яна падвяргалася дыскрымінацыі як жанчына. Як лічыць Ж.Абрамава, гэта было абумоўлена тым, што персанал установы складаўся з мужчынаў. Яны мелі магчымасць назіраць за ёй у той час, калі яна карысталася туалетам, бо ўнітаз, які знаходзіўся ў камеры, быў добра бачным з боку дзвераў.

Акрамя гэтага, як пазней ёй стала вядома, ізалятар абсталяваны сыстэмай відэаназірання, якая дазваляе дзяжурнаму і міліцыянерам ІЧУ — мужчынам — несупынна сачыць за тым, што адбываецца ў камерах.

Актывістка лічыць, што такія ўмовы не толькі зневажалі яе як жанчыну, але і з'яўляліся абразлівымі і жорсткімі ў дачынені да яе.

"Гэта ўжо ня першая скарга, накіраваная ад жанчын у адпаведныя інстанцыі. Наколькі мне вядома, сытуацыя ў дадзеным ізалятары не змянілася дагэтуль, хоць для гэтага не патрабуецца складаных і дарагіх мераў. Варта толькі пры падборы персанала для працы ў ІЧУ улічваць, што там знаходзяцца людзі рознага полу, якія не жадаюць губляць сваёй чалавечай вартасці", — заявіў Р.Кісляк.

Па ягоным словам, праваабаронцы будуць працягваць дапамагаць затрыманым і арыштаваным абскардзіць умовы ўтрымання, падымаючы пытанне як аб парушэнні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, так і Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках