Чыноўнік адміністрацыі Лукашэнкі праводзіць датэрміновую агітацыю
6- 25.08.2008, 10:35
Кіраўнік галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Сінякоў сваю «працу з электаратам» пачаў задаўга да падачы дакументаў для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.
Выкарыстоўваючы службовае становішча, ён праводзіў прыём грамадзянаў у Маладзечанскім і Валожынскім раёнах, матэрыялы з фатаграфіямі аб ягонай дзейнасці займалі ад адной да двух старонак у мясцовых газетах, паведамляе кампанія «Праваабаронцы за вольныя выбары».
Правядучы падрыхтоўчую працу з выбарнікамі, Сінякоў падаў дакументы ў акругавую камісію Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі №71, высунуўшыся ад працоўных калектываў ДВЛГУ «Валожынскі вопытны лясгас» і ВРУП «Бярэзінскае».
На гэтай акрузе раней былі зарэгістраванымі тры ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў выбарнікаў: Іоды Марыны Аляксандраўны (кіраўнік Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валожынскага райвыканкаму), Зверніка Ўладзіміра Іванавіча (Аб'яднаная грамадзянская партыя), Манькоўскай Клаўдзіі Міхайлаўны (дырэктар Красненскай сярэдняй школы). Ініцыятыўная група Зверніка не сабрала неабходнай колькасці подпісаў, аб подпісах, сабраных ініцыятыўнымі групамі дырэктара Красненскай СШ і кіраўніка Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валожынскага райвыканкаму нічога не вядома. Вядома сапраўды толькі тое, што ў акрузе Ў. Сінякоў застаўся адзіным прэтэндэнтам у дэпутаты.