МЗС Беларусі пакуль адмоўчваецца
11- 26.08.2008, 18:38
Міністэрства замежных справаў Беларусі пакуль не каментуе рашэнне Расеі аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Ці будзе нейкі каментар і калі ён з'явіцца, пакуль невядома, заявілі БелаПАН у прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
Нагадаем, 26 жніўня прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядведзеў падпісаў указы аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Свае заявы па гэтай падставе ўжо апублікавалі шэраг краін Еўразвяза.
Так, МЗС Францыі заявіў, што рашэнне Расеі "выклікае шкадаванне". "Мы лічым, што гаворка ідзе аб рашэнні, выклікаючым шкадаванне і пацвярджаем нашу прыхільнасць тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі", — цытуе агенцтва РИА Новости прадстаўніка французскага знешнепалітычнага ведамства.
"Абсалютна непрымальным" і "супярэчным нормам міжнароднага права" назвала рашэнне Расеі канцлер Германіі Ангела Меркель. "Я думаю, што ўвесь Еўрапейскі звяз выкажацца ў такім жа ключы", — дадала яна.
Вялікабрытанія "катэгарычна адвяргае" рашэнне Расеі аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Прадстаўнік МЗС Вялікабрытаніі заявіла, што падобныя дзеянні не спрыяюць мірнаму ўрэгуляванню сітуацыі на Каўказе. Акрамя таго, падкрэсліла яна, такім крокам Расея парушае ўзятыя раней на сябе абавязанні.
Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більдт заявіў, што прызнанне Расеяй незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі з'яўляецца "наўмысным парушэннем міжнароднага права". "Гэтае рашэнне азначае яснае і наўмыснае парушэнне міжнароднага права і супраць фундаментальных прынцыпаў стабільнасці ў Еўропе", — сказаў міністр.
Сваё шкадаванне адносна прынятага Расеяй рашэння выказаў таксама міністр замежных спраў Італіі Франка Фрацціні.
Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс таксама выказала шкадаванне ў сувязі з рашэннем Расеі прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.