Кіеўскае «Дынама» двойчы разграміла маскоўскі «Спартак»
1- 28.08.2008, 8:40
Кіеўскае «Дынама» выйшла ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, атрымаўшы буйную перамогу над маскоўскім «Спартаком» (4:1) у зваротным матчы трэцяга кваліфікацыйнага раўнду турніру.
Два тыдні таму у Маскве кіяўляне выйгралі ў "Спартака" з такім сама вынікам. Гэткім чынам, агульны лік супрацьстаяння - 8:2.
У матчы, які адбыўся 27 жніўня ў Кіеве, гаспадары адкрылі лік ужо на чацвёртай хвіліне, калі адзначыўся Алесь Аліеў. Праз 20 хвілін другі гол забіў форвард "Дынама" Ісмаэль Бангура, і на перапынак каманды сышлі пры ліку 2:0.
На пачатку другога тайму "Спартак" адыграў адзін мяч (гол Арцёма Дзюбы), але на 49-й і 78-й хвілінах нападнік кіяўлянаў, выхаванец беларускага футболу, Арцём Мілеўскі аформіў дубаль і ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы (4:1). Усяго ў двух матчах з "Спартаком" у Мілеўскага чатыры галы.
Такім чынам, кіеўскае "Дынама" выйшла ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, а "Спартаку" маецца выступаць у Кубку УЕФА. Лёсаванне абодвух спаборніцтваў адбудзецца ў пятніцу, 29 жніўня.
Акрамя "Дынама" 27 жніўня выхад у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў аформілі беларускі БАТЭ і дацкі "Ольбарг". Тры ўдзельнікі групавога этапу ("Панацінаікас", "Ювентус" і "Барселона") сталі вядомымі 26 жніўня.