9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абама абяцае спыніць агрэсію Расеі

3

Сенатар Барак Абама гатовы балятавацца ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі. Ён афіцыйна пацвердзіў гэта, выступаючы ў чацвер увечар на агульнанацыянальным перадвыбарным з'ездзе дэмакратаў у Дэнверы.

Барак Абама заявіў, што ў выпадку сваёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах ён выкарыстае "цвёрдую, прамую дыпляматыю", каб стрымаць агрэсію Расеі: "Я аднаўлю нашыя ўзброеныя сілы, каб быць гатовым да прышлых канфліктаў, але я таксама аднаўлю цвёрдую, прамую дыпляматыю, якая зможа прадухіліць атрыманне Іранам ядзернай зброі і ўтаймаваць расейскую агрэсію", - цытуе кандыдата ў прэзідэнты "Эхо Москвы".

"З глыбокай падзякай і велізарнай пакорай я прымаю намінацыю на пост прэзідэнта Злучаных Штатаў", - сказаў Абама. "Я маю намер выйграць гэтыя выбары", - абвесціў ён.

Абама стаў першым у гісторыі афраамэрыканцам, які ўзначаліў перадвыбарны спіс адной з кіроўных палітычных партыяў краіны. Сваім напарнікам у перадвыбарнай гонцы - кандыдатам у віцэ-прэзідэнты - ён абраў сенатара Джозафа Байдэна. З'езд зацвердзіў гэты выбар.

Абама нагадаў, што на наступным тыдні ў Мінесоце Рэспубліканская партыя ЗША збярэцца на ўласны перадвыбарны з'езд. "Тая ж партыя, якая прынесла вам два тэрміны кіравання Джорджа Буша і Дзіка Чэйні, будзе прасіць краіну аб трэцім тэрміне, - заявіў ён. - Але мы занадта любім нашую радзіму, каб дазволіць наступнаму чатырохгоддзю быць такім сама, як апошнія восем год".

Рэспубліканцы на сваім з'ездзе вінныя зацвердзіць кандыдатам у прэзідэнты сенатара Джона Маккейна, якога падтрымлівае цяперашняя адміністрацыя ЗША. Менавіта гэта меў на увазе Абама, кажучы аб "трэцім тэрміне".

Маккейну сёння спаўняецца 72 гады. Па словах шэрагу прадстаўнікоў ягонага перадвыбарнага штабу, Маккейн вызначыўся з кандыдатурай напарніка, з якім будзе ўдзельнічаць у лістападаўскіх выбарах. Сёння гэты палітык, які ў выпадку перамогі рэспубліканцаў на выбарах зойме пост віцэ-прэзідэнта ЗША, паўстане разам з Маккейном перад прыхільнікамі на мітынгу ў Дэйтане (штат Агайа).

Выступ Абамы адбываўся на футбольным стадыёне Invesco Field у прысутнасці прыкладна 76 тысячаў чалавек - дэлегатаў і госцяў форуму, журналістаў, актывістаў Дэмакратычнай партыі. Ён стала кульмінацыяй з'езду і фактычна падвёў вынік ягонай працы. Сёння Абама і Байдэн выпраўляюцца ў сумесную перадвыбарную паездку па краіне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках