На сметніку ў Талочынскім раёне знайшлі тратыл
3- 5.08.2008, 10:56
Каля 4,5 кг трытылу было знойдзена на сметніку ў Талочынскім раёне Віцебскае вобласці, паведамілі агенцтву “Інтэрфакс – Захад” у міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі.
“Паблізу вёскі Старая Яблонка Талочынскага раёну пастарункавым інспектарам міліцыі РУУС на сметніку было знойдзена 11 тратылавых шашак вагай у 400 г кожная й кавалак аналягічнай шашкі вагаю ў 50 г. Усе – часоў Вялікай Айчыннай вайны,” – паведамілі ў МУД.
Там удакладнілі, што шашкі “абясшкодзіла група размінавання в/ч 5524”. Як паведамілі агенцтву ў в/ч 5524, “выбухной прылады разам з тратылавмі шашкамі сапёры не знайшлі”.
“На мейсцы здарэння працавала аператыўна-следчая група РУУС Талочынскага раёну,” – сказалі суразмоўцы. У РУУС Талочынскага раёну адмовіліся паведаміць аб іншых падрабязнасцях дадзенага факту.
Трынітроталуёл (трытыл, тол, TNT) – адно з найбольш распаўсюджаных выбухных рэчываў. Уяўляе сабой жаўтаватае крышталічнае рэчыва. Выкарыстоўваецца ў прамысловасці й вайсковай справе. Тратыл значна больш стабільны за шматлікія іншыя выбухныя рэчывы, мае невысокую адчувальнасць да ўдару, смаргання й награвання, запаляецца пры тэмпературы 290 градусаў па шкале Цэльсыя. Ён паліцца без выбуху жаўтаватым полымям. Для выбуху неабходна выкарыстоўваць дэтанатар.