Украіна забараніла расейскім знішчальнікам лётаць над Крымам
- 10.09.2008, 12:58
Міністэрства абароны Ўкраіны не дазволіла расейскім знішчальнікам здзейсніць трэніровачныя палёты над тэрыторыяй Крыму ў межах штогадовых вучэнняў расейскіх ВПС.
Прычынай гэтага стала тое, што ваенныя ведамствы двух краінаў пакуль не дамовіліся аб умовах трэніровак расейскіх ваенных лётчыкаў на ўкраінскім трэніровачным комплексе палубнай авіяцыі «Нітка» каля горада Сакі.
У выніку няўзгодненасці Мінабароны Расеі і Ўкраіны гэтыя штогадовыя вучэнні расійскіх ВПС упершыню за 10 гадоў могуць быць адмененыя, паведамляе 10 верасня УНІАН са спасылкай на газету "Дело".
Па інфармацыі выдання, да 20 самалётаў Су-33, Су-27 і Су-25 павінны былі прыбыць на паўвостраў яшчэ тыдзень таму. Аднак ваеннае кіраўніцтва двух краінаў не змагло дамовіцца аб умовах правядзення вучэнняў. У выніку група карабельнага знішчальнага авіяцыйнага палка Паўночнага флоту Расеі вярнулася на месца свайго базавання - Кольскі паўвостраў.
Раней намеснік командуючага марской авіяцыяй ВМФ Расеі генерал-маёр Мікалай Куклев заявіў, што «Кіеў адмовіў расейцам з-за расейска-грузінскага канфлікту», піша «Дело». Аднак, як паведаміла выданню высокапастаўленая крыніца ў мінабароны Ўкраіны, прычына скандалу іншая.
Расейскія вайскоўцы, акрамя сваёй авіяцыі, запрасілі на вучэнні замежнікаў, якім Масква прадае свае самалёты. Меркавалася, што пілоты трэціх краін прымуць удзел у трэніравальных палётах. Мінабароны Ўкраіны выступіла супраць намераў расейцаў. Дамова паміж двума краінамі ад 1997 году аб выкарыстанні палігона прадугледжвае правядзенне вучэнняў у Крыму толькі расейскім бокам.
Афіцыйна аб узніклых праблемах на палігоне «Нітка» учора заявіў і міністр абароны Ўкраіны Юры Еханураў. Аднак ён не растлумачыў сутнасці канфлікту.
Паводле меркавання «Дела» прычынай адмовы расейскім лётчыкам магла стаць і запазычанасць перад Украінай за арэнду палігона.
Вучэнні звычайна доўжацца да двух месяцаў, і суткі палётаў на палігоне абыходзіліся расейцам у шэсць тысячаў даляраў. У ранейшыя гады ўжо былі інцыдэнты, калі расейцы зацягвалі з аплатай, пры гэтым вінавацячы Ўкраіну ў зрыве вучэнняў.