Пры крушэнні ў Пярмі Боінга-737 загінула грамадзянка Беларусі? (Відэа)
2- 15.09.2008, 17:20
На борце Боінга-737, які разбіўся ў Пярмі, знаходзілася грамадзянка Беларусі Юлія Максіменка, 1983 года нараджэння.
Аб гэтым паведаміў TUT.BY знаёмы Юліі Эдуард Яваровіч. Ён распавёў, што дзяўчына працавала ў Пражскім адукацыйным цэнтры і прыляцела ў камандзіроўку ў Маскву, а пасля гэтага выляцела па справах у Перм.
Як паведаміла грамадзянка Беларусі Алена Капко, якая разам з загінулай вучылася ў адной з менскіх школ, паўтара апошніх года Юлія жыла ў Чэхіі, мела від на жыхарства, але грамадзянства ў яе - беларускае. Па словах Алены Капко, у Перм выляцела сястра загінулай.
Адзначым, што Юлія Максіменка значыцца ў спісе ахвяр авіякатастрофы, аднак аб яе грамадзянстве нічога не паведамлялася. У амбасадзе Беларусі ў РФ сказалі, што інфармацыя аб тым, ці знаходзілася сярод пасажыраў рэйса грамадзянка нашай краіны, удакладняецца.
Боінг-737, які выконваў рэйс Масква-Перм, разбіўся ў Пярмі ў ноч на 14 верасня. На ягоным барту знаходзілася 88 чалавек. Усе яны загінулі.
Адмыслоўцы, якія расследуюць авіякатастрофу ў Пярмі, "пакуль не могуць казаць аб яе прычынах". Аб гэтым заявіў міністр транспарта РФ Ігар Лявіцін, перадае ІТАР-ТАСС.
"У нас ёсць запіс перамоваў дыспетчараў і экіпажа", - растлумачыў ён, і пакуль ідзе іх расшыфроўка, сказаць аб прычынах немагчыма.
Што датычыцца апазнання загінулых, то ў цяперашні час судова-медыцынская экспертыза скончвае працу са сваякамі, здаюцца аналізы крыві. Па словах міністра, даследаванні зоймуць 3-4 тыдні. ЛЯВІЦІН УДАКЛАДНІЎ, што інфармацыю аб аналізах сваякі з Пярмі "будуць чакаць на месцы, а іншагароднія вяртаюцца дадому".