Артур Фінкевіч: «Гэта было падобна на замах»
5- 23.09.2008, 15:14
Адзін з лідэраў “Маладога фронту” Артур Фінькевіч лічыць, што аварыя, у якую разам з дзвума паплечнікамі трапіў палітык, магла быць арганізавана спецслужбамі як адзін з метадаў супрацьдзеяння акцыі, што прызначаная на 28 верасня ў сталіцы.
“Гэта было падобна на спланаваны замах. Я як раз вяртаўся з Гародні, дзе сустракаўся з нашымі мясцовымі актывістамі і заклікаў іх падртымаць акцыю 28 верасня ў Мінску”, - распавёў А.Фінькевіч у інтэрв’ю “Радыё Рацыі”.
Паводле Артура Фінькевіча, аўтамабіль быў цалкам іспраўным, а такія нечаканасці выпадковымі не бываюць.
“Як мне сказалі ў аўтасэрвісе, пры такой аварыі нашыя шансы застацца ў жывых складалі прыблізна 10 адсоткаў. Мне таксама патлумачылі, што проста так кола адарвацца ня можа, бо яно трымаецца на пяці шрубах, якія не могуць адначасова раскруціцца”, - сказаў Фінькевіч.
Ён паведаміў таксама, што ніхто з пацярпелых у аварыі да медыкаў не звяртаўся.
Нагадаем, у суботу 20 верасня адзін з лідэраў “Маладога фронту” Артур Фінкевіч і яшчэ два маладафронтаўцы патрапілі ў цяжкую аварыю, у выніку якой аўтамабіль выляцеў з трасы, тройчы перакуліўшыся. Пазней высветлілася, што на хуткасці 100 кіламетраў у гадзііну, у легкавіка адвалілася кола.