9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Патрыятычную» моладзь у Беларусі хочуць выхоўваць па расейскай мадэлі

Міністэрства адукацыі Беларусі прапаноўвае ўпарадкаваць нарматыўную базу ў сферы ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў і моладзі.

Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца ў «палаце прадстаўнікоў» пры разглядзе Кодэкса аб адукацыі. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай працы Мінадукацыі Віктар Якжык 23 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.

Па словах В.Якжыка, кодэкс змяшчае раздзел "дадатковая адукацыя". "У адпаведнасці з канцэпцыяй бесперапыннага выхавання дзяцей, навучэнцаў і моладзі ваенна-патрыятычнае выхаванне з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў выхаваўчай працы ва ўстановах адукацыі Беларусі", — заявіў В.Якжык. Па ягоным меркаванні, гэты напрамак карыстаецца вялікай папулярнасцю ў моладзі, а некаторыя заканадаўчыя змены закліканыя падвысіць ягоную эфектыўнасць.

У сваю чаргу старшыня пастаяннай камісіі «савета рэспублікі» «нацыянальнага сходу» па адукацыі, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Анатоль Новікаў заявіў: "Я думаю, што мы выкарыстаем досвед нашых братоў-расейцаў, паколькі там найбольш развіты кадэцкі рух, кадэцкія школы і карпусы".

Ён, у прыватнасці, паведаміў, што ў 2009 годзе плануецца на траціну павялічыць фінансаванне грамадзянска-патрыятычнай змены для навучэнцаў кадэцкіх школ і інтэрнатаў Беларусі і Расеі ў беларускім дзіцячым аздараўленчым лагеры "Зубронак". Па словах Новікава, грамадзянска-патрыятычныя змены ў "Зубронку" арганізуюцца з 2007 года ў мэтах "прапаганды будаўніцтва «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі і папулярызацыя кадэцкага руху", а таксама для садзейнічання інтэлектуальнаму, культурнаму, фізічнаму і маральнаму развіццю моладзі.

Сёлета, адзначыў А.Новікаў, колькасць удзельнікаў грамадзянска-патрыятычнай змены павялічылася з 270 да 350 чалавек. Калі ў 2007 годзе ў лагеры былі прадстаўнікі трох абласцей Беларусі і двух рэгіёнаў Расеі, то ў цяперашнім "Зубронак" наведалі дзеці з усіх абласцей рэспублікі і дзевяці расейскіх рэгіёнаў. Узровень падрыхтоўкі кадэтаў узрос, паўстаў "адзіны дух кадэцкага братэрства", заявіў парламентарый.

Намеснік дырэктара Тамбоўскага кадэцкага корпуса Ўладзімір Макараў паведаміў, што ў бліжэйшай будучыні плануецца арганізаваць абмен дэлегацыямі расейскіх і беларускіх кадэцкіх школ, інтэрнатаў і карпусоў. Мяркуецца, што ўжо ў гэтым навучальным годзе тры беларускія дэлегацыі наведаюць Тамбоўскі кадэцкі корпус.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках