На матч з «Ювентусам» стадыён «Дынама» пазычыў вароты ў федэрацыі футбола
1- 26.09.2008, 14:12
Мінскі стадыён "Дынама" рыхтуецца да матчаў групавога турніру Лігі чэмпіёнаў, якія там будзе праводзіць БАТЭ. Ужо 30 верасня барысаўчане прымаюць турынскі "Ювентус".
А сёння мінскі стадыён "Дынама" наведаюць прадстаўнікі УЕФА, якія правераць, ці ўсё гатова для правядзення матчу. Паводле словаў дырэктара стадыёна Уладзіміра Вільчынскага, усе патрабаванні УЕФА ўжо выкананыя, паведамляе «Еўрарадыё».
Нагадаем, трэба было ўстанавіць дадатковую платформу для тэлевізійных камер, каментатарскія кабіны, новыя вароты. Футбольныя вароты на матчах Лігі чэмпіёнаў мусяць быць зробленыя з лёгкага сплаву. Аднак стадыён іх пакуль не паспеў набыць, выручыла Беларуская федэрацыя футболу.
"У федэрацыі забралі часова, пакуль свае купім", -- паведаміў Вільчынскі.
Што да VIP-рэстарану, то яго мантаж пачнецца толькі сёння. Прадстаўнікі замежных фірмаў, якія будуць гэтым займацца, прыехалі ў Мінск у чацвер. Таксама на стадыёне працягваюцца будаўнічыя працы. Уладзімір Вільчынскі кажа, што гэта выконваюцца патрабаванні ўжо беларускіх уладаў "аб прывядзенні стадыёна ў лепшы стан, чым ён цяпер ёсць".