Расея ўвяла санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў
11- 27.09.2008, 9:03
Рассельгаснагляд з 1 кастрычніка гэтага года пазбаўляе 6 беларускіх прадпрыемстваў права на пастаўку прадукцыі жывёлагадоўлі ў Расею.
Як паведамляе служба, са спісу пастаўшчыкоў выключаюцца прадпрыемствы "Старфуд", "Парнер і К", племптушкарэпрадуктар "Юбілейны", філіял ААТ "Гроднахлебапрадукт" і філіял "Сервалюкс-Агра" СЗАТ "Сервалюкс". Рашэнне прынятае па выніках інспекцыі, праведзенай расейскім ветспецыялістамі, перадае «Интерфакс».
Акрамя таго, падчас інспекцыяў на прадпрыемствах "Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка" і СВК "Прагрэс-Верцялішкі" былі выкрытыя недахопы, не якія дазволілі ўключыць іх у спіс беларускіх прадпрыемстваў, якія маюць права пастаўляць прадукцыю ў Расею.
Праверкі праводзіліся з 18 па 30 жніўня разам з прадстаўнікамі беларускай ветэрынарнай службы на 35 беларускіх прадпрыемствах па перапрацоўцы прадукцыі жывёльнага паходжання. "Паводле высновы экспертаў Рассельгаснагляду, падчас інспекцыяў выкрытыя сістэмныя недахопы дзяржаўнага ветэрынарнага кантролю пры вытворчасці такой прадукцыі, - адзначаецца ў дакуменце. - Вынікі інспекцыяў сведчаць аб фармальным падыходзе беларускага боку пры рэкамендацыі прадпрыемстваў на атрыманне права пастаўкі прадукцыі ў Расею".
У гэтай сувязі Рассельгаснагляд звярнуўся да галоўнага ўпраўлення ветэрынарыі Беларусі з просьбай у найкарацейшыя тэрміны перагледзець спіс беларускіх прадпрыемстваў, якія пастаўляюць прадукцыю жывёльнага паходжання ў Расею, і падаць Рассельгаснагляду актуалізаваны спіс прадпрыемстваў, якія рэальна выконваюць у поўным аб'ёме расейскія ветэрынарна- санітарныя патрабаванні і нормы.