Завершана расследванне гучнай крымінальнай справы аб дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце
4- 3.09.2008, 9:25
МУС Беларусі завяршыла расследванне гучнай крымінальнай справы аб дзіцячай парнаграфіі.
У распаўсюджванні забароненага відэа вінавацяцца 11 удзельнікаў злачыннай арганізацыі. Аб гэтым паведамілі сёння ў эфіры беларускага тэлеканалу АНТ.
Нелегальны бізнэс наладзілі маладыя людзі ва ўзросце 20-25 гадоў. Яны набывалі забароненае відэа ў асноўным ва Ўкраіне, а затым размяшчалі яго на спецыяльна створаных інтэрнэт-старонках. Гэтыя старонкі ствараліся ў першую чаргу для карыстальнікў замежных дзяржаваў, паколькі ў Беларусі не так шмат зацікаўленых падобнымі старонкамі, ды і кошт доступу на іх складаў ад $70 да $100 у месяц. Часцей за ўсё карыстальнікамі старонак былі жыхары ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Францыі. Пры гэтым ім прапаноўвалі не звычайную парнаграфію, а сэксуальныя вычварэнствы з непаўналетнімі дзецьмі. Па словах аператыўнікаў, сама малодшай "акторцы" не было і 3 год.
Характэрна, што злачынцы нажываліся не толькі на порна. Яны таксама выкрадалі грошы з крэдытных картак кліентаў, пасродкам якіх ажыццяўляўся разлік за прагляд. За два гады існавання злачынная арганізацыя, толькі па дадзеных следства, зарабіла каля $5 млн. Кліентамі порнастаронак сталі больш за 60 тыс. чалавек.
Знайсці і затрымаць арганізатараў злачыннага бізнэсу атрымалася дзякуючы спецаперацыі Інтэрполу "Тарнада". У ёй былі задзейнічанымі аператыўнікі з больш за 100 дзяржаваў. У міжнародным вышуку па лініі Інтэрполу дагэтуль знаходзяцца два арганізатары групоўкі. Астатнія 11 абвінавачваных ужо ў верасні паўстануць перад беларускай Фемідай. Аматарам дзіцячай "клубнічкі" пагражае да 15 год пазбаўлення волі.