Амерыканцы злавілі беларускі рэжым на хлусні
36- 24.01.2009, 16:16
Беларускія ўлады спрабавалі падмануць АБСЕ, заявіўшы, што актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка пасля суду па «справе 14-ці» быў вызвалены без прызначэння яму пакарання.
Аб гэтым заявіў 23 студзеня павераны ў справах місіі ЗША у АБСЕ Кайл Скот у сваім звароце да кіраўніка арганізацыі Доры Бакаяніс.
«На паседжанні сталай рады АБСЕ 18 снежня 2008 года ЗША у сваёй заяве выказалі шкадаванне з нагоды таго, што ўрад Беларусі 9 снежня прысудзіў актывіста праваабарончага руху Аляксандра Баразенку да аднаго году абмежавання волі за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2008 года. Пасля гэтага прадстаўнік Беларусі заявіў, што наш даклад не адпавядае сапраўднасці, а спадар Баразенка выпушчаны на волю без вынясення яму прысуду, і прапанаваў нам больш старанна правяраць факты», - цытуе «Тэлеграф» зварот Кайла Скота, які быў распаўсюджаны амбасадай ЗША у Менску.
«Мы пераправерылі і высветлілі, што на самой справе спадар Баразенка быў асуджаны і прысуджаны да аднаго году абмежавання волі з адбываннем пакарання дома. Гэты факт пацвердзіўся і 22 снежня 2008 года дакладам Менскага офіса АБСЕ, які атрымалі ўсе дэлегацыі. Спадар Баразенка абскардзіў прысуд, але суд Цэнтральнага раёна Менска яго апеляцыю адхіліў», - паведаміў прадстаўнік місіі ЗША у АБСЕ.
«Такім чынам мы па-ранейшаму прытрымваемся сваёй пазіцыі, агучанай у заяве 18 снежня, і працягваем заклікаць урад Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы адносна павагі правоў чалавека і фундаментальных свабодаў грамадзянаў і садзейнічаць усталяванню дэмакратыі ў Беларусі», - заявіў Кайл Скот.
Нагадаем, што за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў актывісты апазіцыі Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі. У снежні 2008 года за гэтую ж акцыю актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да 1 году абмежавання волі. Усе гэтыя людзі ў любы момант могуць быць арыштаваныя і адпраўленыя ў турму.