Прэм’ера фільма «Супраціў» з удзелам беларускага Джеймса Бонда (Фота, відэа)
18- 9.01.2009, 17:06
У Лондане адбылася прэм’ера фільма «Супраціў», заснаванага на рэальных падзеях у лясах партызанскай Беларусі ў часы Другой сусветнай вайны.
Як піша партал Open.by са спасылкай на BBC, рэжысёра Эдварда Цвіка («Апошні самурай», «Легенды восені») натхніў сцэнар Клэя Фромана па кнізе Нэхамы Тэк «Супраціў: партызаны Бельскія» - рэальная гісторыя жыцця братоў Бельскіх. Браты не пакарыліся законам фашыстаў, якія акупавалі Беларусь, і стварылі габрэйскі партызанскі атрад. Дэніэл Крэйг, вядомы ў першую чаргу па ролях у фільмах пра Джэймса Бонда, іграе Тувью Бельскага – аднаго з чатырох братоў. Яшчэ адна знакамітасць - Ліў Шрайбер («Омэн») – у ролі другога брата.
У фільме спявалі "Купалінку"
Непраходныя беларускія лясы кінематаграфісты здымалі ў 30 кіламетрах ад Вільні. Здымачная група прыляцела ў Літву ў надзеі на снежную зіму, але ўсталявалася безнадзейная адліга. Так што здымалі подзвігі партызанаў на фоне штучнага снега і сіліконавых лядзяшоў.
Папраўкі прыйшлося ўносіць не толькі па выпадку надвор'я. Напрыклад, беларускія акторы спрачаліся з Цвікам з нагоды песні, якую, седзячы ля вогнішча, маглі спяваць партызаны. Па папярэдняй задуме рэжысёра, яны спявалі чамусьці рускую народную песню "Черный ворон", а акторы пераконвалі, што гэта, хутчэй за ўсё, была родная сэрцу кожнага беларуса "Купалінка". Здымачнай групе песня спадабалася. У масоўцы знайшліся людзі, якія добра саліравалі - Цвік нават адзначыў, што партызаны спявалі як ладны прафесійны хор. Зрэшты, высвятлілася, што гэта быў не зусім камплімент.
"Партызаны павінныя быць п'яныя і стомленыя пасля бою! І спяваць трэба адпаведна!" - ківаў галавой Цвік.
Прыйшлося песню перапяваць...
Дарэчы, акторам вельмі спадабалася, як працуе Цвік.
"Пасля кожнага дубля ён казаў: "Шыкоўна! Выдатна!" І тут жа працягваў: "Яшчэ адзін дубль!" Потым мы паўтаралі яшчэ і яшчэ, і яшчэ... І кожны дубль, па ягоным запэўненням, быў проста ідэальны, лепш і ўявіць сабе нельга!" - дзеліцца ўражаннямі акторка Ганна Мялешка, якая іграла бедную габрэйскую дзяўчыну.
Побач з Крэйгам і "Прыма" ў радасць
У масоўцы здымаліся студэнты Віленскага еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
"Кожнаму з нас хацелася пастаяць побач з Джэймсам Бондам, але прабрацца да яго было не так-та лёгка! І вось здымаецца сцэна, калі два савецкіх партызана выпраўляюць Бельскага-Крэйга да камандзіра свайго атрада - на фоне групы палячых байцоў. На пляцоўцы абвясцілі, што для здымкі сцэны патрабуюцца палячыя. Наперад ірванулі і тыя, хто паліць, і хто не паліць! Чатыры дублі спатрэбілася на рэпетыцыю, сем - на здымку эпізода. І увесь гэты час я знаходзіўся побач з Крэйгам. Дарэчы, палілі мы не што-небудзь, а папіросы "Прыма". Я потым спытаў у пастаноўшчыка-літоўца: "Трафейныя?" А ён журботна адказаў: "Ага, калі б… Па 7 літаў (2,5 літы роўныя $1 - Заўв. рэдакцыі) за пачак у Вільні ледзь адшукаў!" - распавядае студэнт другога курсу Ігар Станкевіч.
Ваша гарбата, сэр!
Дэніэл Крэйг старанна вучыў расейскія выразы, нястомна паўтараў іх на розныя лады. Доўга канцэнтраваўся перад пачаткам кожнага дубля з расейскім тэкстам. Нічога складанага галівудскай зорцы прамаўляць не трэба было, часам літаральна два словы - кшталту "Добрый день". Але хітом на здымачнай пляцоўцы стала ягонае пафаснае "Йа катъегорически настайиваю!" з дыялогу з савецкім камандзірам, дзе герой "сціпла" прасіў медыкаменты для свайго атрада.
Крэйг быў цярплівы - і толькі аднойчы выйшаў з сябе. Па ролі яму трэба было сядзець з конаўкай гарачай гарбаты ў руках. Каб напой рабіў уражанне гарачага, асістэнт перыядычна падліваў у конаўку кіпень. Да канцу дня гарбата стала цалкам каламутная… І калі асістэнт у чарговы раз падыйшоў "плюхнуць вадзіцы", Крэйг абурыўся: "Я усёткі ангелец, чаму я павінен сядзець з гэтымі памыямі ў кубку?!"
І актору адразу ж налілі свежай гарбаты.
Смех скрозь слёзы
Калі здымаецца ваенная драма, акторы нібыта перажываюць трагедыю самі. Таму жарты паміж здымкамі, смешныя накладкі падтрымліваюць атмасферу душэўнай раўнавагі.
Падчас здымак адной сцэны ў старога, які гуляў ролю старэйшыны гета, раптам зазваніў мабільны тэлефон. Здымка - справа доўгая, дзядуля ў гэты час як раз паціху драмаў у баку. І спрасонку ніяк не мог выключыць настойлівы сігнал! Здымкі прыпынілі, рэжысёр асабіста ўзяўся дапамагчы - але таксама ніяк не мог даць тэлефону рады. У выніку, пад рогат здымачнай групы, Цвік выключыў апарат. А потым яму прыйшлося доўга прасіць прабачэння ў "старэйшыны" - той не толькі не ведаў, як выключаецца ягоны тэлефон, але і аб ПІН-кодзе для ягонага ўключэння не меў разумення!
А акторка Ганна Мялешка ўзгадала, як "Бонд" паднімаў усім настрой.
"Крэйг быў такі смяшлівы! Раз за разам распавядаў сваім партнёрам анекдоты. Я здымалася ў эпізодзе, дзе Бельскія прапаноўваюць габрэям збегчы з гета, і стаяла прама насупраць "Бонда" увесь дзень. Калі здымачная група стамілася, ён раптам пачаў нас падбадзёрваць: падморгваў, строіў смешныя грымасы. Гэта было даволі нечакана, усім прыходзілася стрымлівацца, каб не засмяяцца. Крэйг з усімі меў зносіны папросту. А у канцы здымачнага дня кінуўся ўсіх абдымаць, нават масоўку. Усе жанчыны былі ад яго ў поўным захапленні!" - кажа акторка.