Незалежнай магілёўскай газеце незаконна адмовілі ў рэгістрацыі
1- 12.10.2009, 12:53
Міністэрства інфармацыі адмовілася зарэгістраваць газету «Магілёўскі час».
Як паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь», дакументы на рэгістрацыю выдання былі пададзеныя 10 верасня. Сёння рэдактар газеты Ганна Ільіна патэлефанавала ў міністэрства, дзе ёй паведамілі, што газета не была зарэгістравана, і што пісьмовы адказ быў накіраваны на мінулым тыдні.
На пытанне пра прычыны адмовы супрацоўнік Мінінфармацыі Віктар Гурэцкі адказаў: «А як можа выдаваць газету чалавек без вышэйшай адукацыі? Гэта немагчыма…».
Прычына, па якой выданню было адмоўлена ў рэгістрацыі, не ўваходзіць у пералік прычын для адмовы, прыведзеных у Законе аб СМІ, але да атрымання пісьмовага адказа складана сказаць, што стала фармальнай падставай адмовы.
Паводле словаў Ільіной, яна працягне спробы зарэгістраваць выданне.