Андрэй Бастунец: Лібералізацыя ў сферы СМІ скончылася
1- 13.10.2009, 11:36
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў пракаментаваў адмову ўладаў у рэгістрацыі газеце «Магілеўскі час».
«У мяне такое ўражанне, што лібералізацыя ў сферы СМІ скончылася. Прычым не сёння ці ўчора, а некалькі месяцаў таму»,- заявіў юрыст аб'яднання журналістаў у інтэрв'ю Euramost.org.
«У пачатку года мы сапраўды казалі пра тое, што рэгістрацыя СМІ па новым законе выглядае больш ліберальна, чым па законе старым. Хаця адзначу, што мы ўсё роўна казалі пра неадпаведнасць яе дэмакратычным нормам. Але сёння мы бачым, што нават гэты невялікі крок наперад у апошні час абарочваецца двума крокамі назад. Не толькі з Магілёўскай газетай такая сітуацыя - і ў Мар'інай Горцы, і ў Воршы»,- заявіў Андрэй Бастунец.
«Нібыта, па законе не трэба рэдактарам узгадняць рэгістрацыю з мясцовымі органамі, але гэта ўсё робіцца на вышэйшым узроўні. Але нават калі ўсё добра пройдзе з рэгістрацыяй, дык і пасля яе незалежныя выданне трапляюць у няроўныя эканамічныя ўмовы ў параўнанні са СМІ афіцыйнымі. А надзеі на так званы Грамадскі савет не апраўдаліся. А выданні, якія знаходзіліся па-за дзяржаўным распаўсюдам, так і не змаглі туды патрапіць»,- адзначыў намеснік старшыні БАЖ.
Юрыст журналісцкай асацыяцыі таксама пракаментаваў сустрэчу намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч з прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў.
«Наагул, добра, што гэты візіт адбыўся. У апошні час яны проста не мелі магчымасці прыехаць сюды. А што датычыць пазіцыі, якую выказваюць афіцыйныя структуры ці чыноўнікі... У мяне такое ўражанне, што яны навучыліся і хутка прызвычаіліся казаць тое, што трэба казаць у дадзены момант. Тое, што адны, магчыма, самі хочуць пачуць, тое, што камусьці трэба, каб гэта было сказана. Але ў любым выпадку, яны кажуць тое, што не мае ніякага дачынення да рэальнасці»,- адзначыў Андрэй Бастунец.