У Львове прайшла акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязняў (Фота)
1- 14.10.2009, 10:05
На гэтым тыдні ў Львове моладзевая арганізацыя «Нацыянальны Альянс» правяла пікет з патрабаваннем вызваліць беларускага палітвязня Арцёма Дубскага.
Моладзевыя актывісты вышлі на плошчу «Рынак» з партрэтамі арыштаванага ўдзельніка «Працэсу 14-ці». Пры гэтым маладыя людзі заціснулі раты рукамі, што сімвалізавала адсутнасць свабоды слова ў Беларусі.
У той жа час прадстаўнікі «Нацыянальнага Альянсу» раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра сітуацыю ў нашай краіне і збіралі подпісы да амбасадара Беларусі ва Украіне Валянціна Вялічкі. Агулам было сабрана каля 100 подпісаў, якія ўжо адпраўленыя амбасадару.
Першая акцыя ў падтрымку Дубскага, якая была праведзеная «Нацыянальным Альянсам», прайшла ў Луцку ў пачатку жніўня. У найбліжэйшыя дні акцыі ў падтрымку Арцёма Дубскага пройдуць у іншых рэгіёнах Украіны.
Нагадаем, што 7 ліпеня Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з'ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджанні аб парушэнні правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.


