9 чэрвеня 2026, aўторак, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Без крэдытаў «замарозяць» будоўлі?

8

Прыпыненне выплатаў льготных крэдытаў Беларусбанкам можа паўплываць на рынак будаўніцтва жылля.

Як паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік адной з кампаніяў-забудоўшчыкаў (які папрасіў не згадваць яе назву), калі прыпыненне выплатаў льготных крэдытаў зацягнецца, дык ім не застанецца нічога іншага, як спыніць будаўніцтва.

«Чарговыя плацяжы нам павінны прыйсці 15-га дня месяца. Калі грошай не будзе, могуць узнікнуць праблемы. Яшчэ паўмесяцы мы зможам працягнуць за кошт сваіх сродкаў, а далей прыйдзецца спыняць будаўніцтва», - заявіў ён.

Як падкрэсліў прадстаўнік кампаніі, падобная сітуацыя можа скласціся і ў іншых забудоўшчыкаў. «Крэдыт для працягу будаўніцтва за свой кошт мы браць не збіраемся: гэта абсалютна невыгадна для нас», - падкрэсліў ён.

Безумоўна, гаворка ідзе толькі пра новабудоўлі, якія ўзводзяцца з прыцягненнем сродкаў ільготнікаў, што атрымалі крэдыт пад 5% гадавых.

Як паведамілі карэспандэнту партала www.interfax.by у прэс-службе АСБ «Беларусбанк», «свае абавязальніцтвы банк выканаў». «Мы выплацілі нават больш за тую сумы, якая была вызначаная нам рашэннем урада. Але банк жа і пра сябе павінен думаць, і таму выплата крэдытных грошай часова прыпыненая», - адзначылі ў прэс-службе.

«Зараз ідзе прапрацоўка дакументаў, збіраюцца ўсе неабходныя паперы, і з 25 кастрычніка, пры наяўнасці ўсяго неабходнага, адновіцца пералічэнне сродкаў», - паведамілі ў банку.

А вось на пытанне, ці захоўваюцца абавязальніцтвы крэдытаатрымальнікаў, выплаты крэдыту якім прыпынілі, па штомесячных плацяжах унёскаў у гэты час, у прэс-службе не змаглі адказаць.

Пеня з ільготнікаў за пратэрмінаваныя ўнёскі забудоўшчыку спаганяцца не будзе. Гэта паведамілі ў прэс-службе Беларусбанка і пацвердзіў прадстаўнік кампаніі-забудоўшчыка.

Таксама адзначым, што першыя сігналы пра тое, што ільготнае крэдытаванне пад 5% гадавых прыпынена, з'явіліся яшчэ ў канцы верасня. Карэспандэнт партала www.interfax.by тады пацікавіўся ў прэс-службы Беларусбанка, ці адпавядаюць чуткі рэчаіснасці. «Ніякай гаворкі аб прыпыненні ільготнага крэдытавання не ідзе. Ільготныя крэдыты мы працягваем выдаваць - гэта ж дзяржпраграма», - заявілі 30 верасня ў прэс-службе ААТ «АСБ Беларусбанк».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках