Палітжаўнер Андрэй Цянюта прыняў ваенную прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам
1- 19.10.2009, 9:57
Моладзевыя актывісты разгарнулі нацыянальны сцяг падчас прыняцця прысягі гомельскім маладафронтаўцам.
17 кастрычніка ў 10 раніцы Андрэй Цянюта прыняў ваенную прысягу. Паводле інфармацыі сайта mfront.net, на цырымонію ў полацкую ваенную частку прыехалі бацькі палітжаўнера, а таксама сябры з Гомеля і Менска.
Аднак, не растлумачыўшы прычынаў, менскіх актывістаў «Маладога фронту» Насту Лойку і Мікалая Дземідзенку кіраўнік аддзела правапарадку і прафілактыкі Полацкага РАУС Крахотка не прапусціў далей КПП. Пры гэтым у частцы быў заўважаны супрацоўнік Віцебскага КДБ Ігар Емяльянаў.
Падчас прысягі гомельскія актывісты «Маладога фронту» разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг - такім чынам, Андрэй Цянюта аддаў прысягу пад нацыянальным сцягам.
Нагадаем, што медыкі прызналі Цянюту непрыдатным да вайсковай службы з прычыны плоскаступнёвасці і скаліёзу 2 ступені. Аднак ваенкамат перанакіраваў моладзевага актывіста на новае абследаванне, і ў пачатку верасня абласны клінічны шпіталь знізіў яму ступень скаліёзу.
Андрэя Цянюту неаднаразова прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за яго палітычную дзейнасць. У траўні 2009 года разам з іншымі моладзевымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.
Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з нядаўняга часу дзейнічае так званы «палітычны прызыў».
Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтоўна прызвалі ў армію 25 студзеня 2008 года. Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас навучання быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважлівай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сілаў абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў вну, але праз чатыры дні ізноў быў адлічаны і адпраўлены ў армію.
У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Зміцерам Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў адправілі ў армію, нягледзячы на медыцынскія супрацьпаказанні.
А ў верасні 2009 года ў армію быў гвалтоўна закліканы актывіст «Маладога фронту» Яўген Скрабец. Яго прызналі прыдатным да вайсковай службы, нягледзячы на сур'ёзнае захворванне спіны.