У Ваўкавыску вадаправод праклалі праз габрэйскія могілкі (Фота)
20- 21.10.2009, 12:21
Мясцовыя чыноўнікі абвяргаюць, што вадаправод ляжыць у літаральным сэнсе на чалавечых костках.
Як распавёў TUT.BY жыхар Ваўкавыска Уладзіслаў, падчас будаўнічых працаў чалавечыя косткі «вывалілі наверх».
«Усе жыхары Ваўкавыска ведаюць платную стаянку ля цэнтральнага рынка па вул. Берасцейскай, там па выходных выстаўляюцца аўтамабілі на продаж, стаянка прыватная, -- распавядае жыхар Ваўкавыска. -- Справа ў тым, што на стаянку вырашылі правесці ваду і выкапалі траншэю экскаватарам... І бяды быццам бы ў гэтым няма - справа та добрая... Толькі вось дзеля эканоміі сродкаў, траншэя для трубы была прарытая па старых габрэйскіх могілках. Варварскім спосабам косткі супачылых вывалілі наверх, паклалі трубу для вады, а затым зараўнялі бульдозерам, не знайшоўшы час нават прывесці месца знаходжання ірва ў належны выгляд».
Гэтую інфармацыю пракаментаваў выканаўца абавязкаў галоўнага інжынера КУП «Ваўкавыская камунальная гаспадарка» Валеры Механошын.
«Наколькі мне вядома, ніякіх парэштак выкапана не было, -- заявіў чыноўнік. -- Падрадная арганізацыя праклала гэты вадаправод і ідзе ён не па тэрыторыі могілак. Могілкі знаходзіцца побач. Бо і да гэтага на гэтай тэрыторыі ўжо быў пракладзены вадаправод, але ён стары. Ужо даўно ад яго было пяць вуліцаў запітана і завод ліцейнага абсталявання. А пахаванні могілак пачынаюцца можа праз метраў 10 ад новага вадаправода... Гэтыя могілкі нікім асабліва не абслугоўваюцца, яны старыя. Але працы на тэрыторыі гэтых могілак не вяліся, яны ідуць далей. Пахаванні пачынаюцца на адлегласці метраў 20 ад стаянкі. Я не бачыў ніякіх пахаванняў на месцы раскопак, яны пачынаюцца далей».
Аднак на фатаграфіях дакладна бачныя выкапаныя чалавечыя парэшткі.
Адзначым, што ў беларускай прэсе часта з'яўляецца інфармацыя пра разбурэнне сінагогаў і габрэйскіх помнікаў у Беларусі. Так нядаўна ў Любані мясцовыя ўлады разбурылі драўляную сінагогу, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў. Да гэтага Кіраўнік Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман заклікаў Аляксандра Лукашэнку неадкладна спыніць працы па разборцы сінагогі пачатку XX стагоддзя ў горадзе Любань Менскай вобласці. Аднак, нягледзячы на гэта, сінагога была разбураная.






