Білборды з рэкламай незалежнай газеты «Бабруйскі кур'ер» забаранілі
9- 29.10.2009, 13:23
Рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай газеты «Бабруйскі кур'ер» да свайго 95-годдзя вывесіла на адной з цэнтральных вуліцаў Бабруйска рэкламу на білборде.
Не прайшло і гадзіны, як прадпрымальніку, які займаецца размяшчэннем вулічнай рэкламы, патэлефанавалі з упраўлення гандлю Бабруйскага гарвыканкама і загадалі прыбраць плакат «Бабруйскага кур'ера», перадае baj.by.
Загад патлумачылі неабходнасцю дадаткова ўзгадніць з мясцовымі ўладамі макет рэкламы. У той жа час, паводле інфармацыі «БК», ад іншых рэкламадаўцаў падобных «узгадненняў» у выканкаме не патрабуюць.
Нагадаем, што ў кіёсках «Саюздрука» «БК» не прадаваўся з 2006 года. Выданне аднавіла супрацоўніцтва з дзяржаўным распаўсюднікам толькі ў ліпені 2009 года. Аднак у незалежнага СМІ дагэтуль узнікаюць праблемы з мясцовымі ўладамі.