Канфіскаваны «спайс» прадаюць у крамах канфіскату (Фота)
26- 5.10.2009, 14:38
Канфіскаваную курыльную сумесь, якая, на думку МУС, выклікае наркатычны эфект, можна знайсці на прылаўках дзяржаўных крамаў.
«Спайс» прадаваўся ў дзяржгандлі, у крамах-канфіскатах, -- распавёў у інтэрв’ю «Еўрарадыё» удзельнік грамадскага антынаркатычнага руху Алесь Урублеўскі. – Крамы, як вядома, належаць афіцыйным дзяржаўным структурам. Гэта ўсе бачылі. На жаль, мы самі не паспелі гэта сфатаграфаваць, але ўсе пра гэта ведаюць, «спайс» ляжаў і прадаваўся адкрыта».
Пабачыць тыя самыя пакецікі са «спайсам» у краме канфіскату «Уручча-люкс» зараз складана – увесь тавар прадалі. Але на вэб-старонцы крамы konfiskat.by, якая належыць Упраўленню справамі прэзідэнта (!), як і сама крама «Уручча-люкс», прапаноўваюць набыць разнастайныя сумесі з лінейкі «спайс». У спісе прадукцыі сайта konfiskat.by ёсць Smoke i Jah Rush.
Напрыклад, можна набыць курыцельную сумесь Smoke – 5 тысяч пакецікаў па кошце 58 520 беларускіх рублёў за кожны. Цікава, што гэта практычна ў два разы танней, чым у гандляроў курыцельнай сумесі. Таксама сайт, які належыць Упраўленню справамі прэзідэнта, прапаноўвае беларусам набыць псіхатропную сумесь Jah Rush – 10 тысяч пакетаў па кошце 62 600 рублёў за пакет.
Паводле словаў сведак, у тую ж краму «Уручча-люкс» выстройваліся чэргі па спайс. Псіхатропныя курыльныя сумесі разабралі за дзень. У самой краме пацвердзілі, што сумесь з лінейкі «спайс» Jah Rush у іх прадавалася.
«Прадавалася, але даўно, хутка разабралі, а ці прывязуць яшчэ, не ведаю», -- сказалі ва «Уручча-люкс»
Ва ўпраўленні па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі Менгарвыканкама пра продаж «спайсу» у крамах дзяржканфіскату нічога не ведаюць, але кампетэнтны супрацоўнік патлумачыў, чаму гандляроў «спайсам» дагэтуль не могуць арыштоўваць.
«Праблема ў тым, што «спайс» не ўнесены ў рэспубліканскі пералік псіхатропных рэчываў, -- распавёў супрацоўнік. -- Гандляра «спайсам» можна пакараць толькі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, выпісаць штраф у 350 тысяч беларускіх рублёў. Нам застаецца чакаць, пакуль «спайс» прызнаюць псіхатропным рэчывам».
Як заявілі ва ўпраўленні па наркакантролю, «спайс» з’яўляецца псіхатропным рэчывам, якое выклікае псіхалагічную і фізічную ломку, а па сваім уздзеянні ён падобны да нелегальнай каноплі.

