Настаўнікі ў шоку: У менскія школы не прыйшла палова вучняў
74- 12.11.2009, 9:57
Пасля двухтыднёвага каранціну школы беларускай сталіцы апынуліся напаўпустымі.
Як нагадвае газета «Наша Ніва», школьныя вакацыі ў Беларусі пачаліся 26 кастрычніка, дзеці павінны былі пайсці ў школу 2 лістапада.
Аднак 31 кастрычніка Мінздароўя увёў у менскіх школах неабвешчаны каранцін, у выніку чаго вакацыі былі падоўжаныя да 6 лістапада. Гэта было зроблена ў сувязі з тым, што ў Менску выявіўся ўздым захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, які, як паведаміла гарадская санслужба, «з 2 лістапада набыў выразны характар».
Затым каранцін быў падоўжаны з 6 па 11 лістапада ўключна. Яшчэ ў сераду зраніцы 11 лістапада сталічныя эпідэміёлагі рэкамендавалі гарвыканкаму падоўжыць вакацыі. У гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі падрыхтавалі абгрунтаванне адносна неабходнасці падоўжыць школьныя вакацыі ў чарговы раз. Па разліках спецыялістаў, падаўжэнне вакацыяў па 11 лістапада дазволіла папярэдзіць больш за 15 тыс. дадатковых выпадкаў захворванняў на ВРВІ і грып сярод школьнікаў. Калі сярод дарослых узровень захворвання за апошнія два тыдні вырас у 2,5 разы, дык сярод дзяцей — застаўся на тым жа ўзроўні.
Аднак ідэолагі вырашылі, што далейшае вызваленне школьнікаў ад заняткаў выб'е іх з каляіны. Тым больш, што галоўны санітарны ўрач Беларусі даказвае, што эпідэмія пайшла на спад.
Аднак пасля двухтыднёвага неабвешчанага карантыну 12 лістапада гардэробы і класы апынуліся напаўпустымі. Заўважна, як шмат дзяцей працягваюць хварэць. А некаторых трымаюць дома бацькі, каб перастрахавацца.