Эйдан Уайт: «Пакуль у Беларусі рэпрэсуюць журналістаў, мы будзем патрабаваць ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі»
3- 12.11.2009, 13:47
У Міжнароднай федэрацыі журналістаў заяўляюць, што Еўразвяз мусіць быць прынцыповым у адносінах краіны, дзе адсутнічае свабода слова і парушаюцца правы журналістаў.
Пра тое, якія праблемы сёння стаяць перад незалежнымі СМІ і як можна змагацца з палітычнай карупцыяй і рэпрэсіямі, сайту Euramost.org распавёў кіраўнік Міжнароднай Федэрацыі журналістаў Эйдан Уайт.
-- Як вы ацэньваеце ўзровень свабоды СМІ ў свеце?
-- Дагэтуль у шмат якіх краінах распаўсюджана меркаванне, што калі вы працуеце ў палітыцы, то ў вас ёсць права навязваць СМІ сваё меркаванне, каб СМІ адлюстроўвалі толькі ваша меркаванне. Паняцце плюралізму ў такіх краінах не зразумела па-сапраўднаму. І гэты выклік. Гэта форма палітычнай карупцыі. Асабліва складана з гэтым здолець ва ўмовах эканамічнага выжывання. Для журналістаў такая карупцыя ўяўляе сур’ёзную праблему. Журналісты хочуць быць свабоднымі, казаць праўду і быць карыснымі грамадству. Але калі даводзіцца працаваць ва ўмовах такой палітычнай карупцыі, немагчыма гэтыя свае чаканні ажыццявіць. Гэтыя два паняцці неразрыўна ўзаемазвязаны: свабодныя СМІ і дзяржаўныя структуры, якія паважалі б дэмакратыю і трымалі свае брудныя лапы падалей ад журналістаў!
-- Еўразвяз актыўна прасоўвае праграму «Усходняе партнёрства». Але ў шмат якіх краінах-удзельніцах гэтай праграмы існуюць праблемы, названыя вамі. А дзесьці пра свабоду СМІ журналісты толькі мараць…
-- Мы таксама імкнемся да таго, каб еўрапейскія структуры зразумелі: свабодная сістэма СМІ, незалежная супольнасць журналістаў з’яўляюцца неабходнай умовай для ўсталявання дэмакратыі ў вашым рэгіёне. І мы просім Еўрапарламент прыняць гэты прыярытэт. І знакі, якія мы атрымліваем, азначаюць, што яны да нас прыслухоўваюцца і ўспрымаюць нас усур’ёз. Была створана міжфракцыйная група ў Еўрапарламенце, якая ўключае ў сябе ўсе партыі. Яе парадак дня – дапамога і развіццё прафісійных арганізацый журналістаў. Таксама некалькі тыдняў таму я меў сустрэчу з камісарам ЕЗ, які адказны за нашу сферу ў Еўракамісіі. Мы размаўлялі пра неабходнасць таго, каб будучыня СМІ у вашым рэгіёне зноў была ў фокусе заклапочанасці Еўракамісіі на бліжэйшыя 5 гадоў. І я мяркую, што яны мяне пачулі.
-- Судзіць пра гэта пакуль складана. Асабліва на фоне таго, што Еўразвяз вельмі актыўна імкнецца да сяброўства з Лукашэнкам. Але МФЖ добра ведае пра тое, што з сябе ўяўляе свабода слова ў Беларусі. Можа, час МФЖ узняць журналісцкую супольнасць і падштурхнуць на больш актыўнае асвятленне жыцця ў нашай краіне? Каб ЕЗ зразумеў, што сябраваць з Лукашэнкам пакуль рана?
-- Мы не палітычная арганізацыя. Але і для нас ёсць палітыка, з якой мы пагаджаемся і тая, з якой не пагаджаемся. Палітыка аўтарытарызму і кантролю над інфармацыяй, якую праводзіць Лукашэнка, гэта тая палітыка, якая нам агідная. Мы ўсім нашым партнёрам кажам пра тое, што ў Беларусі парушаюцца грамадзянскія і прафесійныя правы. І ўрадам мы кажам: калі вы хочаце палітычных дамоўленасцяў, калі вы хочаце эканамічных пагадненняў з Беларуссю, калі вы хочаце, каб Беларусь гуляла ролю ў еўрапейскай сацыяльна-эканамічнай сістэме, гэта выдатна. Але толькі на ўмове павагі асноўных дэмакратычных каштоўнасцяў. У прыватнасці, гэта права на свабоду самавыяўлення беларускіх грамадзян. Мы будзем працягваць выпускаць справаздачы пра парушэнні правоў журналістаў і знявагу свабодай СМІ у Беларусі. Мы будзем працягваць прыязджаць да вас з маніторынгам. І будзем працягваць выкарыстоўваць Раду Еўропу ды іншыя арганізацыі для таго, каб несці свой пасыл – НЕ ПРАЦАВАЦЬ З ЛУКАШЭНКАМ! Тады, калі ён рэпрэсуе журналістаў і абмяжоўвае свабоду СМІ. Гэта законнае патрабаванне такой арганізацыі як наша.
Палітыка Лукашэнкі будзе, урэшце рэшт, выкаранена. Але выкаранена яна будзе толькі тады, калі ўсе краіны будуць працаваць разам у гэтым накірунку. Праз АБСЕ, Раду Еўропу. Для таго, каб ізаляваць рэжым Лукашэнкі. Мы будзем жорстка крытыкаваць тое, што адбываецца ў Беларусі, і будзем дамагацца зменаў.