У Беларусі «Таміфлю» сталі гандляваць спекулянты
44- 19.11.2009, 10:12
Каб набыць прэпарат без рэцэпту, трэба заплаціць у два разы даражэй, чым у аптэцы – 122 даляра ЗША.
Лекі прапаноўваюць набыць прыватныя арганізацыі, якія працуюць без ліцэнзіі. У інтэрнэце можна знайсці тэлефоны тых, хто займаецца дастаўкай лекаў дадому, у тым ліку і «Таміфлю», аднак абыйдзецца прэпарат у 122,4 даляра.
«Толькі ўчора прывезлі з Расеі. Там ён прадаецца без рэцэпту. Але вам трэба спяшацца. Засталіся дзве ўпакоўкі. Па 333,09 тыс. рублёў кожная», - заявілі «Заўтра тваёй краіны» падчас тэлефанавання па адным з тэлефонаў.
У той жа час упакоўка (10 таблетак) «Таміфлю» у аптэках каштуе 112 тыс. рублёў, а для праходжання курсу лячэння патрэбныя дзве ўпакоўкі.
«Няма нічога дзіўна ў тым, што хтосьці зарыентаваўся ў сітуацыі і прапаноўвае «Таміфлю» утрая даражэй, - лічыць былы міністр аховы здароўя Беларусі Ігар Зелянкевіч. - Тая працэдура выпісвання рэцэпту, якую зацвердзіў Мінздароўя, мякка кажучы, недасканалая. Так, у краінах Еўропы гэты прэпарат таксама адпускаецца толькі па рэцэпце ўрача. Але хіба там існуюць устаноўкі такія як у нас: подпіс галоўурача, гербавая пячатка... У нас што, урачам не давяраюць? Чаму Мінздароўя ладзіць дадатковы кантроль? Ці справа ў тым, што прэпарата ў аптэчнай сетцы ўсё роўна не хапае?»
У той жа час продаж лекавых сродкаў у Беларусі ліцэнзуецца. Да таго ж падобны гандаль - гэта камерцыйная дзейнасць без рэгістрацыі і без выплаты падаткаў. За такую дзейнасць тым, хто яе ажыццяўляе, пагражае не адміністрацыйная, а крымінальная адказнасць.
У рэгіёнах не хапае лекаў і грошай у насельніцтва на вітаміны
Журналісты вырашылі таксама высветліць, ці адчуваецца дэфіцыт прафілактычных і лекавых сродкаў у правінцыйных аптэках.
-- Магу пералічыць, якія вітаміны ў мяне перад вачыма, -- так пачаўся дыялог з фармацэўтам гарадской аптэкі горада Нясвіжа Менскай вобласці. – Амерыканскі «Цэнтравіт» за 18 тысячаў рублёў, «Тэравіт» за 13 тысячаў, сярод імпартных вітамінаў у наяўнасці «Дуавіт», «Пікавіт».
З беларускіх вітамінаў у нясвіжскай аптэцы былі «Аевіт», «Антыаксікапс» з селенам, з цынкам, з ёдам, «Дуакапс» -- беларускі вітамінны комплекс з мінераламі.
-- Не залёжваецца беларускі «Эсціфан», у склад якога ўваходзіць эхінацэя. Асаблівым попытам карыстаецца аскарбінавая кіслата. Наогул беларускія вітаміны недарагія: ад 2 да 4,5 тысячаў за ўпакоўку, таму іх, у асноўным, і купляюць, патлумачыла суразмоўніца «Заўтра тваёй краіны».
Амаль такі ж асартымент у адзінай аптэцы горада Копыля Менскай вобласці. Аднак на паліцах раённых аптэкаў няма дарагіх вітамінавых комплексаў, напрыклад «Мультытабса», упакоўка якога (30 штук) каштуе больш за 23 тысячы рублёў.
-- Такія дарагія вітаміны мы і не заказваем, -- кажуць фармацэўты. – Насельніцтва ў раёне небагатае. І калі яшчэ дарагія лекі людзі купляюць (а што рабіць, калі хвароба прыцісне?), дык на вітамінах і гамеапатычных сродках эканомяць.
Па словах суразмоўцаў, сёння значна больш актуальна для раённых аптэкаў мець у сваім асартыменце супрацьвірусныя прэпараты.
-- Няма ні аксалінавай мазі, ні інтэрферону, -- скардзяцца правізары. – Упрошваем, каб «Белфармацыя» паставіла гэтыя прэпараты. Праўда, ёсць беларускі «Рэмантадзін», але яго бяруць, хутчэй, ад безвыходнасці. У асноўным, пытаюцца «Арпетол» і аксалінавую мазь.
У аддзеле лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя адносна дэфіцыту лекаў у рэгіёнах кажуць, што Мінздароўя яшчэ на мінулым тыдні разаслаў ва ўсе аптэкі краіны інфармацыйны ліст.
-- У ім дакладна пазначана, што можна прапанаваць наведнікам наўзамен таго ж «Арпетола» ці аксалінавай мазі, -- заявіла супрацоўніца аддзела лекавага забеспячэння. -- Гэты ліст з табліцай апублікаваны таксама і на сайце міністэрства, азнаёміцца з ім можа любы жадаючы.
Што датычыць дэфіцытнага «Таміфлю», дык афіцыйна заяўлена, што ў Беларусь ужо паступілі 43 тысячы ўпаковак «Таміфлю», яшчэ 30 тысячаў -- паступіць на працягу лістапада.
-- Што нас больш за ўсё трывожыць, -- кажуць фармацэўты ў правінцыі, -- ці будуць у вясковых жыхароў грошы на набыццё такога дарагога прэпарата. На дзве ўпакоўкі «Таміфлю» у сельскага пенсіянера не хопіць пенсіі.