Медыкі: На грып захварэе кожны пяты менчук
11- 24.11.2009, 16:45
Паводле словаў эпідэміёлагаў, выяўлены эпідэмічны ўздым у апошні раз быў у 1989 годзе.
На грып у гэтым сезоне рызыкуе захварэць кожны пяты менчук. Пра гэта паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзялення Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка, пераде БелТА.
Паводле словаў Фісенка, узровень захворванняў застаецца высокім.
«І такім ён яшчэ будзе 1-2 месяцы наступнага года, пакуль не перахварэюць ад 10% да 20%, максімум 25% жыхароў сталіцы», - мяркуе Алена Фісенка.
Паводле загадчыцы эпідэміялагічнага аддзела Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у два мінулыя сезоны на грып хварэлі ад 8% да 10% насельніцтва, а выяўлены эпідэмуздым быў у 1989 годзе, калі ахвярамі гэтай хваробы сталі каля 20% менчукоў.
Медыкі адзначаюць, што на дадзены момант у беларускай сталіцы доля грыпу ў агульнай структуры застаецца высокай – 28-30%.
«Сёння ўзровень захворванняў вярнуўся на перадэпідэмічны. Аднак пакуль рэгіструецца перавышэнне парогаў узроўняў захворванняў, што не дае падставаў для адмены супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў», - заявіла Алена Фісенка.
Паводле інфармацыі Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, 23 лістапада па дапамогу да медыкаў звярнуліся шэсць тысяч чалавек, з якіх больш за 1,2 тыс. пастаўлены дыягназ «грып».
Нагадаем, што па стане на 23 лістапада ў Беларусі афіцыйна зафіксавана ўсяго 179 выпадкаў захворвання на свіны грып.
Тым часам у Беларусі сёння сотні тысяч людзей хворыя на грып. Пры гэтым Мінздраў афіцыйна заявіў, што ўжо не падлічвае выпадкі захворвання на пандэмічны грып A/H1N1.
Намеснік галоўнага доктара Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГіАЗ) Людміла Наройчык 18 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла, што большасць лабараторна пацверджаных выпадкаў грыпу звязаная са змяшанай інфекцыяй. «Ніколі не бывае, каб цыркуляваў толькі адзін узбуджальнік ВРВІ», - сказала яна.
Пры гэтым, гаворачы пра выпадкі захворвання на свіны грып, яна сказала, што «у лабараторным пацверджанні ўсіх выпадкаў няма неабходнасці».
Такім чынам, захварэлых на свіны грып у Беларусі можа быць нашмат больш і вылічацца сотнямі і нават тысячамі.